На тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца самае вядомае ў Рэспубліцы Беларусь радовішча мінеральных радонавых вод – Дзятлаўскае, на базе якога ўведзены ў эксплуатацыю санаторый “Радон”.

Мясцовыя жыхары вёскі Баравікі, размешчанай на беразе ракі Паніква, яшчэ ў канцы 70-х гадоў звярнулі ўвагу на гаючыя ўласцівасці вады з самавыцякаючай крыніцы. Цуда-вада, “жывая”, дабратворна ўплывала на здароўе. Да крыніцы сталі прыязджаць з усіх ваколіц людзі і, на шчасце, на гэты дзіўны факт звярнулі ўвагу навукоўцы. Пасля комплекснага і карпатлівага вывучэння саставу радонавай вады яны прыйшлі да высновы, што крыніцы не саступаюць па сваіх лячэбных уласцівасцях водам такіх знакамітых курортаў, як Цхалтуба, Мацеста, Хмельнікі.

Радонавыя воды Дзятлаўскага радовішча па сваіх хімічных уласцівасцях з’яўляюцца гідракарбанатнымі, магніева-кальцыевымі, прэснымі, умерана цвёрдымі, слабашчолачнымі.  Яны празрыстыя, бясколерныя, не маюць паху і  асадку, тэмпература 11-13̊ С.

Да радонавых водаў адносяць мінеральныя воды, якія ўтрымліваюць кароткачасовыя радыеактыўныя рэчывы – радон і прадукты яго распаду – радый А, В, С, С1.

Выкарыстанне радону з’яўляецца адным з метадаў аднаўленчага лячэння, пры якім у якасці фізічнага фактару, які дзейнічае на арганізм чалавека, выкарыстоўваюць невялікія дозы выпраменьванняў. Радон спрыяе нармалізацыі ўсіх відаў абмену ў арганізме, аказвае абязбольвальнае, супрацьзапаленчае і заспакаяльнае дзеянне.

Для выкарыстання натуральных радонавых вод пры лячэнні ў санаторыі “Радон” іх здабываюць з глыбіні каля 300 метраў, з утрыманнем радону ад 20 да 60 нКі/л. Прымяняюць пры лячэнні хвароб апорна-рухальнага апарата, жаночай палавой сістэмы, скуры, захворванняў і наступстваў траўмаў цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы, нырак і мочавыводзячых шляхоў. Для дзяцей: хвароб органаў кровазвароту, дыхання і нервовай сістэмы.

Мікалай МАЗУР,

кандыдат медыцынскіх навук

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации