Святочныя набажэнствы ва ўсіх каталіцкіх храмах Дзятлаўшчыны распачаліся Святой імшой Пастэркай.

На святочнай літургіі ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве прысутнічалі парафіяне – жыхары райцэнтра і шматлікія госці, якія прыехалі на святы да родных. Яны прыйшлі цэлымі сем’ямі, каб перажыць гэтыя радасныя хвіліны.

Нараджэнне Пана Езуса сiмвалiзуе радасць, свет i ўваходжанне Бога ў жыццё кожнага  чалавека. Гэта радасны дзень надзеі, сімвал збаўлення ад грахоў.

Асаблівы святочны настрой надавалі калядныя ёлкі. На відным месцы ў храме змясцілася  мініяцюра  біблейскай сцэны:  яслі з нованароджаным Хрыстом, якому прыйшлі пакланіцца валхвы.

Пробашч касцёла Андрэй Лішко адзначыў, што ў гэтую ноч узгадваецца таямніца, перад якой мы падаем на калені, якой не здольныя ні спасцігнуць, ні зразумець: 

– Сённяшняй ноччу мы перажываем гэтую вялікую хвіліну, якая паказвае нам, як моцна Бог нас палюбіў, што ажно Сына свайго прыслаў, Святло свету, – адзначыў ён. – Здаецца, што ў час святаў Божага Нараджэння кожны з нас яшчэ больш адчувае, што любімы – любімы Богам, любімы Хрыстом, Сынам Божым.

Настаяцель заклікаў праз удзел у гэтай літургіі ўзяць Бога ў сваё сэрца і ў свой дом, бо пра гэта кажа вера і любоў:

– Прымем Бога ў нашы дамы і ў нашы сэрцы. Няхай Ён асвятляе ўсе змрокі нашага жыцця і няхай нас вядзе. Пажадаем так, як пастухі, казаць іншым аб гэтай радасці, якую спазнаём, да якой дакранаемся. Будзем казаць усім, што сустрэлі святло, сустрэлі жыццё, сустрэлі сюбоў, сустрэлі Хрыста, дзяліцца гэтай любоўю з іншымі, каб мы такім чынам яшчэ больш адчулі сябе адной вялікай сям’ёй.

Ад кіраўніцтва раёна і ўсіх каталіцкіх вернікаў Дзятлаўшчыны Іван Кібінь павіншаваў ксяндза Андрэя са святамі і ўручыў касцёлу памятны падарунак.

Святочныя мерапрыемствы ў касцёле прадоўжыліся ўрачыстай імшой 25 снежня. Да свята юныя прыхаджане касцёла падрыхтавалі тэатралізаваную “Батлейку”, у якой расказалі гісторыю Божага Нараджэння і паразважалі аб месцы веры ў сэрцы кожнага з нас.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации