Актыўным валанцёрам – падзячныя лісты

Грамадства Свежыя навіны

Снежань – месяц добрых спраў, што асабліва актуальна напярэдадні навагодніх і калядных святаў.

Нездарма менавіта ў снежні адзначаецца Міжнародны дзень валанцёраў.

Старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк уручыла падзячныя лісты раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа актыўным добраахвотнікам нашага раёна. Сярод іх навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава Анастасія Ганчар, Валерыя Данільчык, Ганна Радомская, Марыя Панасевіч. Гімназісты атрымалі таксама памятныя падарункі.

– Гэтымі ўзнагародамі ад імя аб’яднання я выказала актывістам шчырую ўдзячнасць за ўдзел у валанцёрскім руху Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, адказныя адносіны да абавязкаў валанцёра, энтузіязм, адкрытасць, добразычлівасць, – патлумачыла старшыня раённай арганізацыі, – спадзяюся на далейшае плённае супрацоўніцтва, паколькі добраахвотнікі заўсёды запатрабаваны ў многіх сферах.

– Дзейнасць добраахвотнікаў скіравана, у першую чаргу, на дапамогу ўразлівым катэгорыям насельніцтва, якія не маюць магчымасці вырашаць многія бытавыя і жыццёвыя праблемы самастойна з-за розных абставінаў, – расказала Галіна Касцюк. – Валанцёр – чалавек, які аддае свой час, сілы, любоў і дабрыню людзям, якія жывуць у нястачы. Той, хто па добрай волі вырашыў прымаць удзел у грамадска карыснай дзейнасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: