Кансультуюць гродзенскія медыкі

Падзеі

З 2007 года ў Гродне на базе абласнога перынатальнага цэнтра ўтворана і функцыянуе паліклініка, у якой працуюць кансультацыйна-дыягнастычнае аддзяленне “Шлюб і сям’я” і аддзяленне медыка-генетычнага кансультавання.

Кожная з жыхарак Гродзенскай вобласці можа пры неабходнасці па накіраванні мясцовых спецыялістаў звярнуцца туды па кансультацыю. Таксама спецыялісты паліклінікі праводзяць рэгулярныя выязныя прыёмы ва ўсіх рэгіёнах Гродзеншчыны. Адзін з такіх прыёмаў прайшоў у жаночай кансультацыі Дзятлаўскай райпаліклінікі. Правялі яго загадчыца кансультацыйна-дыягнастычнага аддзялення “Шлюб і сям’я” Наталля Полудзень і доктар акушэр-гінеколаг па кансультаванні цяжарных Таццяна Шлаванец. Спецыялісты адказалі на некаторыя пытанні па рабоце аддзялення і здароўі будучых матуляў.

— У чым перавагі паліклінікі пры перынатальным цэнтры?

— Жанчыны, якія прыязджаюць да нас на прыём да аднаго спецыяліста нават з аддаленых рэгіёнаў Гродзеншчыны (напрыклад, па лячэнні жаночага бясплоддзя), могуць тут жа пракансультавацца ў доктара-генетыка, прайсці ўльтрагукавыя даследаванні. У аддзяленні ёсць самае сучаснае медыцынскае абсталяванне, што значна пашырыла магчымасці дыягностыкі і лячэння.

— Якія прычыны нараджэння дзяцей з прыроджанымі парокамі развіцця і ці магчыма гэта папярэдзіць?

— Улічваючы цяперашнюю неспрыяльную экалагічную абстаноўку і іншыя фактары, рызыка нарадзіць хворае дзіця нават у здаровых бацькоў складае 4-5%. Акрамя экалогіі, могуць паўплываць складаныя ўмовы працы, шкодныя звычкі, стан здароўя і прыём некаторых прэпаратаў. Таксама важны ўзрост бацькоў на момант зачацця дзіцяці. Дзякуючы сучаснай медыцыне, можна скараціць да мінімуму рызыку нараджэння дзіцяці з прыроджанымі адхіленнямі. Для гэтага сёння існуе шэраг метадаў ранняй дыягностыкі, якія будучыя маці праходзяць у нас.

— Пры бясплоддзі важна абследавацца і мужу, і жонцы?

— У палове ўсіх выпадкаў бясплоддзя прычынай з’яўляецца паталогія рэпрадукцыйнай функцыі мужа або жонкі, у 40% выпадкаў – абодвух. У аддзяленні “Шлюб і сям’я” ёсць магчымасць прайсці комплекснае абследаванне і атрымаць кансультацыю і мужу, і жонцы, якія хочуць мець дзіця.

— Дактары якіх спецыяльнасцяў паліклінікі перынатальнага цэнтра ўнікальныя ў Гродзенскай вобласці?

— Аддзяленне медыка-генетычнага кансультавання – адзінае ў вобласці, дзе аказваецца медыка-генетычнае кансультаванне насельніцтва, праводзіцца прыём доктара-генетыка і цытагенетычныя даследаванні. У аддзяленні “Шлюб і сям’я” вядуць прыём дактары такіх рэдкіх спецыяльнасцяў, як андролаг (спецыяліст па мужчынскім здароўі) і гінеколаг-эндакрынолаг. Таксама ў аддзяленні можна атрымаць псіхатэрапеўтычную дапамогу ў крызісных сітуацыях.

Падрыхтавала да друку Н. АВЯРЧУК

Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *