40 гадоў творчасці і натхнення

Важнае Культура і адпачынак

Сёлета адзначае юбілей народны хор ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”, які функцыянуе пры Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

Гэты калектыў актыўна выступае амаль на ўсіх святочных мерапрыемствах гарадскога і раённага маштабаў, жаданы госць у школах, на прадпрыемствах. Наш хор пастаянны ўдзельнік абласных фестываляў ветэранскіх калектываў, дзе заўжды ўзнагароджваецца дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Ля вытокаў

Датай заснавання хору лічыцца кастрычнік 1984 года. Пачыналі з вакальнай групы, спачатку было не так многа ўдзельнікаў. Іх кіраўніком стала таленавітая жанчына, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Марыя Ільюшэнка. Наступнымі кіраўнікамі былі Арсеній Яскельчык, Ядвіга Максімава, Тамара Ступак, Марына Шыкуць, а з 2014 года і па сёння – Таццяна Шостка.

У 1995 годзе калектыву было прысвоена ганаровае званне “народны”.

“Ветэраны ў страі” сёння

Удзельнікі хору – людзі розных прафесій, кожны са сваімі інтарэсамі, поглядамі на жыццё, але іх звязала адна агульная любоў да песні, музыкі.

Цяпер у калектыве больш за 20 чалавек разам з кіраўніком Таццянай Шостка і галоўным салістам Сяргеем Малышчыкам: Надзея Бяржаніна, Ірына Бакшук, Святлана Венская, Валерый Герасіменка,  Лілія Баравік, Ірына Варабей, Ядвіга Гушча, Тамара Гародка, Ала Дораш, Любоў Ёда, Ганна Ківульчык, Ала Кучынская, Таміла Крышаловіч, Марыя Палюховіч, Алена Роўба, Яўгенія Цыгель, Людміла Хадаркевіч, Альфія Шарыпава, Васіль Шпігановіч, Валянціна Шулейка, Аксана Кашляк. Узрост большасці з іх – 70+, а самай сталай – 85, але гэтыя людзі не старэюць душой.

– Мы запатрабаваныя, бывае, даём і па два канцэрты ў дзень, калі атрымліваецца паўдзельнічаць, ніколі не адмаўляемся, – расказвае Таццяна Шостка. – Нягледзячы на важкі ўзрост ім падабаецца, яны не скардзяцца, што цяжка. Напрыклад, пасля выступлення ў санаторыі “Радон” нам апладзіравалі стоячы, так уразілі гледачоў. Многія думаюць, што хор ветэранаў выконвае толькі народна-патрыятычныя песні, але ў нас рэпертуар разнажанравы, кожнаму гледачу нешта прыйдзецца даспадобы. Нашы канцэрты цікавыя і запатрабаваныя, выступаем пад жывую музыку, а гэта цэніцца.

“Але ж мы і ўдалыя!”

Так часта жартам гавораць пра сябе ўдзельнікі хору пасля чарговага выступлення. І сапраўды, іх ёсць за што пахваліць, і лепшы доказ таму – шчырыя апладысменты гледачоў.

– Актыўныя, крэатыўныя, таленавітыя, лёгкія на пад’ём, працалюбівыя, – дзеліцца Таццяна Віктараўна. – Самі адкрытыя душой і здзіўляюцца, чаму людзі ва ўзросце закрываюцца, становяцца апатычнымі, думаюць, што на пенсіі неабходна ўжо толькі сядзець дома. А яны не такія, на сцэне лічаць сябе маладымі, любяць і цэняць жыццё, бо разумеюць, што сёння гэты дзень ёсць, а заўтра яго ўжо можа і не быць.

Яны ўсе вельмі здольныя і, нягледзячы на ўзрост, любяць вучыцца. У іх няма музычнай адукацыі, але мы доўга рэпеціруем, таму дабіваемся выніку.

Яны ў мяне малайцы, на рэпетыцыі ходзяць спраўна, як на работу, хоць іх ніхто не прымушае. Многія адзінокія, таму жывуць гэтымі сустрэчамі, каб не толькі парэпеціраваць, але і за кубачкам чаю пагаварыць, нешта абмеркаваць, падзяліцца цікавым рэцэптам.

Усе ўдзельнікі хору вельмі дружныя, заўжды бадзёрыя, нястомныя. Я вельмі іх цаню, у нас поўная ўзаемнасць. Мы нават усе святы адзначаем разам. Самі робім аксесуары, упрыгажэнні для сваіх касцюмаў, шмат шыем.

Усё робім або добра, або ніяк – вось наш дэвіз. Яны да гэтага ўжо прывыклі, і не хочуць паніжаць планку.

І кіраўнік, і сябра

Юбілей сёлета і ў Таццяны Шостка – ужо дзесяць гадоў з’яўляецца кіраўніком хору “Ветэраны ў страі”. Па спецыяльнасці яна “выкладчык па класе баяна, акардэона, кіраўнік аркестра”, а вядзе вакал, гаворыць, што гэта яе жаданне, усё жыццё працавала з калектывамі, дапамагала з самадзейнасцю ў многіх арганізацыях раёна.

З’яўляючыся мастацкім кіраўніком хору ветэранаў, Таццяна Віктараўна заўжды падтрымлівае, падбадзёрвае сваіх артыстаў, надае надзею, што ўсё атрымаецца, а калі і будзе якая памылка ў час выступлення, то не трэба адчайвацца, бо не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.

– Часам працаваць складана, – шчыра дзеліцца жанчына, – але мне ўсё роўна падабаецца, ды і ўдзельнікі хору гавораць, што не хочуць іншага кіраўніка, сцвярджаюць: “Столькі, колькі вы нам даяце, думаем, нам ніхто не дасць”. За гэтыя гады, што мы разам, сталі з імі як родныя. Яны ўсе вельмі розныя, але стараюся падабраць ключык да кожнага.

Я па жыцці вясёлая. Дзесьці з жартам, усмешкай  імкнуся вырашыць нейкую праблему. Гэта прасцей, чым быць выключна строгім кіраўніком.

Планы, задумкі, пажаданні

Раней рэпертуар хору ветэранаў, у асноўным, быў ваенна-патрыятычны. Спявалі пад баян, а цяпер выконваюць яшчэ і эстрадна-народныя песні, ставяць танцы.

– У нас ёсць цікавыя, любімыя нумары, якія можна назваць візітнай карткай, як, напрыклад, “Гаворка беларуская”, “Весяліся, народ”, “Беларусы”, “Зноў васямнаццаць”,, “Баба на баяне”, – гаворыць Таццяна Віктараўна. – Пад баян спяваем частушкі, якія напісалі самі. Так, у Лідзе на конкурсе частушак занялі першае месца.

Лічу, што за апошнія дзесяць гадоў у нас адбыўся значны прагрэс у творчасці, мы паднялі ўзровень, ідзём у нагу з часам.

У нас шмат напрацовак. Будзем абнаўляць рэпертуар, хаця ў ім і так ужо столькі песень, што можна даць некалькі сольных канцэртаў. А ў цэлым, і далей будзем жыць актыўна і пазітыўна. Запрашаем усіх жадаючых да нас у калектыў: песня і сапраўды жыць дапамагае.

Радуе, калі нас падтрымліваюць. Так, напрыклад, да Дня работнікаў культуры хор атрымаў сертыфікат на тры тысячы рублёў, за што вельмі ўдзячны раённаму выканаўчаму камітэту і яго старшыні Андрэю Садоўскаму.

Дзякую ўсім удзельнікам “Ветэранаў у страі” за іх шчырую адданасць справе. Хачу пажадаць ім здароўя, даўгалецця, аптымізму, каб душа іх заўжды спявала.

А ўсіх аматараў нашай творчасці і тых, каго яна зацікавіла, запрашаем 29 лістапада ў раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці на канцэрт, які рыхтуем да юбілею. Прыходзьце падтрымаць нашых ветэранаў працы і натхніцца іх сілай духу і любоўю да музыкі.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае