Сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча – першая ў нашым раёне, дзе з’явіўся лазерны цір для патрэбаў навучання. Гэта стала магчымым дзякуючы падарунку – грашоваму сертыфікату ад кіраўніцтва раёна з нагоды пачатку навучальнага года.
Навучальная ўстанова – пастаянны ўдзельнік і прызёр патрыятычных конкурсаў на раённым і абласным узроўнях. Педагогі дапрызыўнай падрыхтоўкі Анатоль Філідовіч і яго пераемнік Віктар Урбановіч рыхтуюць спартсменаў і стралкоў, якія становяцца лепшымі ў сваіх конкурсных дысцыплінах. Цяпер будзе магчымасць рабіць гэта больш даступна і масава.
– Ідэя набыцця лазернага ціра ў нас з’явілася, як толькі мы даведаліся аб такім трэнажоры. Хачу падзякаваць ваеннаму камісарыяту за ініцыятыву і падтрымку праекта, а райвыканкаму – за спонсарскую дапамогу, – выказаў словы ўдзячнасці дырэктар школы Іван Кібінь. – Раней на занятках па дапрызыўнай падрыхтоўцы і трэніроўках выкарыстоўваліся спецыяльныя падсобныя памяшканні і абсталяванне, што замаруджвала і ўскладняла працэс. Цяпер на новым трэнажоры навучэнцы змогуць не толькі хутка і даступна праходзіць абавязковы школьны мінімум па дапрызыўнай падрыхтоўцы, але і эфектыўна рыхтавацца да спаборніцтваў “Арляня”, “Абаронца Айчыны”, “Снежны снайпер” і іншых. У перспектыве – далучэнне да пазакласных заняткаў па стральбе школьнікаў сярэдняга звяна і правядзенне ўнутрышкольнага конкурсу “Юны снайпер”. Таксама наладжваем кантакты з рэспубліканскім цэнтрам дапрызыўнай падрыхтоўкі з мэтай патрыятычнага выхавання моладзі.
Канструкцыя лазернага ціра нескладаная, яна лёгка размясцілася ў школьным кабінеце без перашкоды навучальнаму працэсу: гэта экран, кінапраектар, чатыры вінтоўкі, бінокль і праграмнае забеспячэнне. Устаноўку і дапрацоўку ціра пад плошчу канкрэтнага класа ажыццяўлялі педагогі школы, сваім вопытам яны гатовы падзяліцца з калегамі.
– Запрашаем арганізаваныя групы навучальных установаў раёна наведаць нашу школу, каб старшакласнікі і іх настаўнікі мелі магчымасць паспрабаваць на практыцы, што такое лазерны цір, – адзначыў Іван Збышкавіч.
Навучэнцы адзінаццатых класаў, якія прадстаўляюць школу на спаборніцтвах, ужо паспелі пастраляць у новым ціры. Сваімі вынікамі і новым абсталяваннем яны задаволены.
Яраслаў Урбан:
– Кожны тыдзень на восьмым уроку мы збіраемся на факультатыў па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Стараемся не прапускаць, бо нам самім гэта цікава. Рыхтуемся да ваенных конкурсаў, у тым ліку вучымся страляць. Рэгулярныя заняткі і правільная ўстаноўка нашага настаўніка даюць жаданы вынік: некалькі разоў мы атрымлівалі перамогу ў раённых стартах і ўваходзілі ў лік прызёраў на абласных. Рады, што цяпер можна часцей трэніравацца ў стральбе. Мой любімы фармат – паражэнне статычных мішэняў, бо ён найчасцей сустракаецца ў конкурснай праграме. Буду адточваць навыкі, трэніраваць самадысцыпліну, што спатрэбіцца мне ў прадаўжэнні спартыўнай кар’еры і службе ў арміі.
Дзмітрый Ранцэвіч:
– Захапляюся заняткамі спортам, наведваю трэнажорную залу, рэгулярна ўдзельнічаю разам са школьнай камандай у ваенна-патрыятычных спаборніцтвах. Раней мы таксама часта трэніраваліся ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, калі рыхтаваліся да спаборніцтваў. Цяпер са з’яўленнем лазернага ціра ўсё стала больш проста і даступна. Можна прыйсці і адразу страляць, не трэба патроны. Да таго ж, у праграму можна запомніць даныя стралка і адсочваць свой прагрэс на працягу пэўнага перыяду часу. Думаю, навык у стральбе не будзе лішнім для нас, будучых абаронцаў Айчыны.
Мабыць, больш за школьнікаў з’яўленню новага функцыянала для заняткаў рады самі педагогі. Настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі і ваенна-патрыятычнага выхавання Віктар Урбановіч задаволены, што навучальны працэс спрасціўся і стаў больш даступным:
– Акрамя патрыятычных конкурсаў, ёсць нямала такіх, дзе трэба ўмець страляць. Гэта, напрыклад, шматбор’е “Здароўе”, спаборніцтвы “Снежны снайпер”. Пастаянна займаемся з навучэнцамі 10-11 класаў, некаторыя з іх у далейшым выбіраюць вышэйшыя навучальныя ўстановы ваеннага профілю. Лазерны цір найперш падабаецца тым, што ён спрасціў сістэму закупкі патронаў для заняткаў стральбой, пры гэтым масавасць ахопу навучэнцаў гэтым відам спорту істотна вырасла. Цяпер асновы карыстання вінтоўкай, правільнага прыцэльвання, патраплення па мішэні школьнікі могуць асвоіць паточна, каб потым адтачыць навыкі на рэальнай зброі з патронамі і аддачай, у далейшым паказаць высокі вынік. Будзем старацца, каб большая колькасць навучэнцаў, у тым ліку дзяўчынак, магла трэніравацца, а пры жаданні – паступаць у спецыяльныя навучальныя ўстановы.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае