30 кастрычніка ў рамках урачыстых мерапрыемстваў да 80-годдзя Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі прайшоў псіхалагічны форум “Камфортнае асяроддзе – аснова якасці адукацыі”, на якім свой вопыт работы прэзентавалі педагогі-псіхолагі з розных куткоў Прынёмання.
Адбылася і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога агляду-конкурсу на лепшы кабінет педагога-псіхолага ўстановаў адукацыі Гродзенскай вобласці “Псіхолаг важны для Айчыны, быццам маяк для карабля!”. Усяго ў пяці намінацыях абласнога этапу конкурсу ўдзельнічалі 62 установы з усіх раёнаў Прынёмання.

У намінацыі “Лепшы кабінет педагога-псіхолага ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі” дыпломам ІІ ступені галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджана Гезгалаўская сярэдняя школа (дырэктар Эдуард Ненартовіч, педагог-псіхолаг Інга Кашко).

– Кабінет педагога-псіхолага нашай школы падзелены на зоны кансультавання, карэкцыйнай работы, у ім ёсць неабходныя метадычныя матэрыялы, – расказала Інга Кашко. – Адзін з базавых напрамкаў работы – псіхалагічная асвета і прафілактыка, ён прадстаўлены пераважна групавымі формамі ўзаемадзеяння. Работа з педагогамі і бацькамі навучэнцаў скіравана на атрыманне кансультацый у цяжкіх сітуацыях, звязаных з адукацыяй і выхаваннем дзяцей, у тым ліку сямейным.

На псіхалагічным форуме ў Гродне я прадстаўляла стэндавы даклад “Камфортнае псіхалагічнае асяроддзе – аснова якасці адукацыі”. У цэнтры ўвагі была работа з высокаматываванымі вучнямі, іх паспяховасць у навучанні і выхаванні, на шляху да будучай прафесіі. У нашай школе значная ўвага надаецца паспяховым навучэнцам, удзельнікам конкурсаў і алімпіядаў рознага ўзроўню. З імі працуем для зняцця псіхаэмацыйнага напружання, што ў далейшым садзейнічае лепшым іх выступленням на іспытах і высокім вынікам.
У больш шырокім разуменні мая работа як псіхолага заключаецца ў стварэнні камфортных умоваў для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Ірына СТЫРНІК
Фота ўдзельнікаў мерапрыемства
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga