Тыдзень бацькоўскай любові прайшоў на Дзятлаўшчыне ўрачыста і шырока.

Шмат цікавых і разнастайных мерапрыемстваў было праведзена ў раёне. Яны паказалі, наколькі паважліва мы ставімся да місіі мамы і таты, як актыўна і мэтанакіравана падтрымліваюцца ў краіне шматдзетныя сем’і. Не застаўся ў баку ад сацыяльна значнай акцыі і Дзятлаўскі турыстычны цэнтр. За два тыдні да Дня маці быў аб’яўлены конкурс відэаролікаў “З любоўю да бацькоўскага сэрца”, у якіх дзеці павінны былі ад душы, шчыра павіншаваць сваіх бацькоў са святам – Днём маці і Днём бацькі. Нам было даслана 11 ролікаў з розных школ раёна. Ролікі мы размясцілі на Тэлеграм-канале нашага цэнтра, галасаванне праходзіла ў рэжыме анлайн на працягу тыдня. Усе ролікі былі цікавыя, неардынарныя, здымкі дзеці праводзілі не толькі ў сценах школы ці дома, але і на ўлонні прыроды. Аднак выбіралі пераможцу не мы, а нашы падпісчыкі. І пераможцамі сталі вучні Хвінявіцкай школы. Іх чакае прыз ад турыстычнага цэнтра. А цэнтру спадабаўся ролік гімназіі № 1 горада Дзятлава, таму што менавіта ролік гімназістаў адпавядаў усім патрабаванням, якія былі заяўлены ў палажэнні. Аўтараў роліка мы таксама вырашылі ўзнагародзіць.


Удзельнічаў цэнтр і ў дабрачыннай акцыі “Экскурсія для шматдзетных сем’яў”. Такая пешаходная экскурсія была праведзена 20 кастрычніка для дзвюх сямей, якія адгукнуліся на нашу прапанову, – Матук і Удот. З задавальненнем дарослыя і дзеці прайшліся на значных гістарычных аб’ектах горада, пагрэліся пад цёплым, ласкавым сонейкам і палюбаваліся прыгажосцю восеньскага лістападу. А яшчэ атрымалі прызы ад цэнтра: дзеці – кніжкі, а дарослыя – турыстычную сувенірную прадукцыю.


Вялікі дзякуй Дзятлаўскаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, нашаму пастаяннаму партнёру, за дапамогу ў арганізацыі дабрачыннай акцыі. Спадзяёмся, што гэта супрацоўніцтва будзе доўжыцца і даваць плён у нашай агульнай справе – папулярызацыі гісторыі і культуры малой радзімы сярод землякоў.
Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga