Зямное мiнае, а вечнае застаецца
Пастырскае пасланне Мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевiча на Вялiкдзень 2017
Хрыстус Уваскрос!
Сапраўды Уваскрос!
Глыбокапаважаныя суайчыннiкi!
Сардэчна вiншую ўсiх вас гэтым пасхальным воклiчам з радасным i збаўчым святам Уваскрасення Хрыста!
Евангелле распавядае, як на трэцi дзень пасля смерцi Езуса ранiцай, калi яшчэ было цёмна, жанчыны–мiраносiцы накiравалiся да Яго магiлы, каб паводле габрэйскага звычаю намасцiць Яго цела пахучымi алеямi. Якое ж здзiўленне агарнула iх, калi ўнутры яе замест цела Езуса яны ўбачылi анёла, якi iм сказаў: «Не бойцеся! … шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў … iдзiце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос i апярэджвае вас у Галiлеi. Там Яго ўбачыце» (Пар. Мц 28, 5–7).
Гэтыя словы гучаць сёння ў свеце Заходняга i Усходняга хрысцiянства, бо сёлета мы ўсе разам адзначаем Пасху. Яны адрасаваны кожнаму чалавеку, i iмi Езус клiча нас стаць пры Яго пустой магiле, каб пераканацца, што Ён сапраўды ўваскрос, i заклiкае сустрэць Яго ў нашай беларускай Галiлеi.
Нягледзячы на факт пустой магiлы i словы анёла, паводзiны жанчын–мiраносiц i апосталаў з’яўляюцца парадаксальнымi. Яны ведалi абяцанне Езуса ўваскрэснуць на трэцi дзень, аднак спачатку не маглi паверыць, што Ён уваскрос. Натуральная праўда аб тым, што памерлы застаецца памерлым назаўсёды, дамiнавала ў iх сэрцах. У вынiку чаго iх богам быў страх, а не ўваскрослы Хрыстус.
Часам i мы падобны да iх. Нашы сэрцы не скорыя да веры, не спяшаюцца даверыцца Езусу i ў Iм мець сваю надзею. Таму натуральна ўзнiкае пытанне: хто з’яўляецца нашым Богам? Поспех? Кар’ера? Матэрыяльныя каштоўнасцi? Алкаголь? Наркотыкi? Лiдарства? Задавальненнi? На жаль, яны часта становяцца нашымi багамi, каторыя, аднак, не могуць задаволiць нашага сэрца, бо зямное мiнае, а вечнае застаецца.
Адзiны, хто можа гэта ўчынiць, — уваскрослы Езус.
Гэта тая навiна, якую сёння абвяшчае хрысцiянства ў свеце. I калi праз сакрамэнтальнае жыццё мы з’яўляемся яе ўдзельнiкамi, то ведаем, хто ёсць наш Бог. Менавiта Езус, Якi ўчынiў нас свабоднымi i кажа, што толькi праўда нас вызвалiць (гл. Ян 8, 32). Ён сам з’яўляецца гэтай праўдай, i толькi Ён можа нас вызвалiць ад iдалаў, фальшывых бажкоў i адарыць сваiм супакоем i радасцю.
На жаль, сучасны свет не звяртае ўвагi на духоўныя справы, але засяроджаны на тым, што бачна i чаго можна дасведчыць. Гэта яго бог. У вынiку чаго портам свайго прызначэння ён выбiрае небыццё, а мы створаны — да жыцця. Калi выключаем са свайго жыцця веру ў Бога, то наша надзея ператвараецца ў iлюзiю. Мы становiмся падобнымi да капiтана карабля, якi ведае, як iм упраўляць, але не ведае, куды плыве, бо ў яго няма евангельскай карты цi моднага сёння GPS.
Таму сучасны свет перажывае аслабленне духоўнага iмунiтэту, што вядзе да адмовы ад фундаментальных маральных прынцыпаў, на якiх мы павiнны будаваць наша жыццё. Нараджаецца новая канцэпцыя свабоды. Менавiта свабоды ад Бога i ягонага закону, гэта азначае — свабоды чынiць усё, што хочацца.
Сацыёлагi кажуць, што чалавецтва ад эпохi постмадэрнiзму перайшло ў эпоху постпраўды, калi iлжывасць больш папулярная, чым праўда. Усё гэта вядзе ў тупiк i не дапамагае ў вырашэннi ўзнiкаючых праблем. У той жа час радаснае пасланне Пасхi, якое з’яўляецца нязменнай Божай праўдай, гучыць ясна: «Езус наш Збаўца! Ён наш Бог i праўда!»
Такiм чынам, мы знаходзiмся перад выбарам: «Бог або нiчога».
Падобна да таго, як праўда Велiкоднай ранiцы перамянiла жанчын–мiраносiц i апосталаў, яна таксама перамяняе i нас, каб мы, у духоўных поцемках сучаснага свету, ведалi, што Хрыстус з’яўляецца нашым Богам, i да Яго iмкнулiся. У гэтым заключаецца наша пасхальная радасць, якой мы павiнны дзялiцца з iншымi, каб яна таксама перамяняла i iх i паслядоўна перамяняла свет.
Выслоўе кажа: замест таго, каб праклiнаць цемру, трэба запалiць свечку. Таму замест таго, каб толькi наракаць на тое, што зло апанавала свет, неабходна самiм перамянiцца, уваскрэснуць са сваiх грахоў, каб стаць маякамi святла i надзеi ў сучасным свеце.
Дарагiя браты i сёстры!
Вiншую вас са святам Пасхi Хрыстовай! Вiншую ўсiх хрысцiян — католiкаў, праваслаўных i пратэстантаў, бо сёлетняя Пасха з’яўляецца сумесным святкаваннем перамогi Хрыста! Вiншую людзей добрай волi!
Няхай Пасхальная праўда дапамагае нам у адказе на выклiкi сучаснасцi. Яе перамяняючая радасць i навiзна няхай дасягне нашых дамоў, сем’яў, месцаў працы i вучобы, i ўсёй нашай Бацькаўшчыны! А ўваскрослы Езус сваёю ласкай няхай дапамагае нам штодзённа ўваскрасаць да новага жыцця i толькi Яго прызнаваць сваiм Богам.
Хрыстус Уваскрос!
Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!
Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ,
Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi.
2017 год,
горад Мiнск.
sb.by