У адным хлебным бохане – стараннасць і прафесіяналізм многіх людзей.
Каб вырасціць збожжа для духмянага беларускага каравая, рупліва працуюць аграрыі – аграномы, механізатары, вадзіцелі, работнікі збожжасушыльных комплексаў. Ёсць і тыя, без каго таксама не было б высокіх намалотаў – спецыялісты механізацыі сельскай гаспадаркі.

Сёмы год на гэтай ніве працуе галоўны інжынер КСУП “Хвінявічы” Віктар Ерамейчык, ад умелай работы якога, без перабольшання, залежыць поспех уборачнай і пасяўной кампаній, касьбы траў і ўсіх спраў, якія звязаны з работай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Віктар Іосіфавіч – чалавек, шчыра ўлюбёны ў тэхніку і сваю справу. Нарадзіўся ён у вёсцы Сверплевічы нашага раёна, а служыў у далёкім Архангельску ў войсках сувязі, пасля чаго вырашыў атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце. З гэтым часам у яго звязана гісторыя аб выбары і прызначэнні.
– Паступіў я на спецыяльнасць “Металарэжучыя станкі і інструменты”, але праз два гады навучання зразумеў, што гэта не маё, і перавёўся на іншую – “Аўтамабілі і аўтамабільная гаспадарка”.
Прафесійную дзейнасць пачынаў у тагачасным аўтапарку № 16 горада Дзятлава інжынерам па бяспецы дарожнага руху, начальнікам калоны, галоўным інжынерам. За дзесяцігоддзі працаваў у розных калектывах у Дзятлаве, Гродне, Вензаўцы, але заўжды – з тэхнікай. Нарэшце атрымаў прапанову аб працы ў КСУП “Хвінявічы”.
– Мікалая Анатольевіча Бубноўскага ведаю даўно як надзейнага і адказнага кіраўніка, таму прапанову змяніць сферу дзейнасці на сельскагаспадарчую прыняў ахвотна. Асаблівага хвалявання не было, бо далейшая дзейнасць таксама меркавала сабой работу з тэхнікай, – падзяліўся Віктар Ерамейчык.

Больш за шэсць гадоў мінулі як адно імгненне. Напачатку ён узначальваў мехдвор у Рудзе Яварскай, а ў хуткім часе стаў галоўным інжынерам прадпрыемства. Усю падначаленую тэхнічную гаспадарку мужчына ведае дасканала і можа расказваць аб ёй бясконца. Нездарма ў прадаўжэнне размовы прапануе экскурсію па мехдвары ў Хвінявічах.
– У машынна-трактарным парку прадпрыемства 35 трактароў, пяць кормаўборачных камбайнаў і столькі ж збожжаўборачных, – расказвае ён. – Працуем, каб тэхніка была заўсёды спраўная і своечасова выходзіла на сезонныя работы.

– Якога ўзросту сельгасмашыны?
– Ёсць зусім рарытэтныя экзэмпляры, як камбайн “Ліда-1600”, якому ўжо 20 гадоў. Ён адпрацаваў свой заключны сезон у нас, рыхтуем да продажу. З другога боку, пастаянна закупляем новую тэхніку – набылі па адным новым камбайне “Гомсельмаш КЗС-1218” у 2022-м і 2023 годзе, сёлета ўзялі яшчэ і КЗР-10 з жаткай для кукурузы. За апошнія тры гады купілі каля 10 трактароў “Беларус”, сёлета – два прычэпы на 18 і 20 тон. Апошняй нашай прыемнай пакупкай стаў новы МАЗ, які “прыехаў” на днях.
– Чым адметная работа ў сельскай гаспадарцы ў параўнанні з іншымі сферамі?
– Нездарма кажуць, што вясновы дзень год корміць, тое ж датычыцца і летняй гарачай пары жніва, кармлення буйной рагатай жывёлы на комплексе. І калі недзе можна запазніцца з рамонтам або абслугоўваннем тэхнікі, нешта адкласці на потым, то тут нават невялікае прамаруджванне можа каштаваць усяму прадпрыемству вельмі дорага.
– Жніво даўно скончана. Ці стала менш работы?
– У нас заўжды актыўна. Прадаўжаецца нарыхтоўка кармоў, уборка кукурузы на сілас: у полі тры кормаўборачныя камбайны і дзесяць адзінак тэхнікі на адвозцы. Таксама капаем бульбу з выкарыстаннем бульбаўборачнага камбайна і трактароў. Акрамя таго, паступова афармляем тэхніку на захоўванне.
– Хто сёння ў вашай камандзе?
– Разам са мной працуюць інжынер па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Арцём Барысевіч, загадчык майстэрні Сяргей Рудоль, інжынер па ахове працы Максім Савончык.
– У вас ёсць уласны аўтамабіль? Самі яго рамантуеце?
– Ёсць нават дзве легкавыя машыны. Рамантую і кірую сам. Але апошнім часам нячаста езджу на іх, у графіку – пераважна рабочыя паездкі.
– Ці маеце шкадаванні аб мінулым?
– Аб пражытым жыцці няма чаго шкадаваць. Ніколі не аглядваюся назад. Актуальнае месца работы – самае важнае, трэба яму адпавядаць.
– Хто галоўны на жніве?
– Тут усе работнікі важныя, павінны дзейнічаць у адной звязцы на агульны вынік; што адзін не пацягне, усе разам абавязкова адолеем. Таму і вынік – заслуга ўсяго калектыву.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga