Усе, хто не так даўно здаваў экзамен на права кіравання транспартным сродкам, помняць запаветныя 10 пытанняў у тэарэтычнай частцы.
Прапануем разам з намі рашыць яшчэ адну задачу ў рэальных умовах.
Паглядзіце, калі ласка, на фота, і адкажыце, на якой дарозе (галоўнай ці пабочнай) знаходзіцеся, што на гэта ўказвае. Складана? Нерэальна, можна сказаць. Толькі вельмі ўважліва прыгледзеўшыся, у зялёнай лістоце можна разгледзець нешта жоўтае ад знака “Галоўная дарога”, але гэта атракцыён для надзвыйчай уважлівых. А як тады ехаць? Па інтуіцыі?
Нам здаецца, што вадзіцелі, рухаючыся ў населеным пункце з дазволенай хуткасцю, павінны не здагадвацца, а бачыць і разумець дарожную абстаноўку.
Фота, дарэчы, не ілюстрацыйнае, на ім – адна з вуліц горада Дзятлава, аднак такая сітуацыя не адзінкавая як для нашага, так і іншых раёнаў. Хоць восень ужо надышла, лісце яшчэ не хутка ападзе, каб даць нармальны агляд на ўзбочыны.
Як і хто ў такім разе кампетэнтны вырашыць сітуацыю? На гэта пытанне адказвае дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў Андрэй Іскра:
– Сапраўды, летам абвастраецца праблема бачнасці дарожных знакаў, якія могуць перакрывацца сезоннай расліннасцю. Супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі рэгулярна праводзяцца рэйды для выяўлення падобных сітуацый, выдаюцца прадпісанні адказным службам: па райцэнтры і пасёлках раёна – Дзятлаўскаму РУП ЖКГ, па сельскіх дарогах – ДРБУ-119. Паважаныя вадзіцелі, калі вы самі заўважылі, што агляд дарожных знакаў перакрываецца кустамі або дрэвамі, звяртайцеся ў названыя вышэй арганізацыі для вырашэння праблемы. Пры гэтым кепскі агляд на дарожныя знакі не вызваляе вас ад патрабавання быць пільнымі на дарозе і выконваць правілы дарожнага руху.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga