Хвіліны душэўнасці. Дарагі наш чалавек – Валянціна Шаркут

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Калі ўпершыню бачыш Валянціну Шаркут, яе вылучае задуменны, крыху сумны погляд мудрых вачэй, спрацаваныя рукі.

Адразу відаць, што жыццё не песціла нашу зямлячку, але праз яго выпрабаванні яна ішла дастойна і разумна.

У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” у вёску Страла да Валянціны Канстанцінаўны з віншавальнай экспедыцыяй накіраваўся творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

З сонечным букетам жнівеньскіх кветак, шарамі і салодкім сюрпрызам Іван Кашко, Ірына Бакшук і Святлана Венская прывезлі для 85-гадовай зямлячкі да дня яе нараджэння яркую музычную паштоўку і пажаданні моцнага здароўя, пяшчоты блізкіх людзей, невычэрпнай энергіі і мірных дзён жыцця.

Сустрэча з гэтай цудоўнай жанчынай пачалася з віншавальных слоў, а прадоўжылася знаёмствам са старонкамі яе біяграфіі. Простая сялянская сям’я, дзе Валянціна была малодшай сярод пяці дзяцей, не магла даць ёй асаблівых выгодаў, а калі дзяўчынка пайшла ў чацвёрты клас, памёр тата. Матуля вельмі перажывала, аднак была вымушана адправіць Валю вучыцца ў школу-інтэрнат. Безумоўна, юная вучаніца сумавала па доме, але для сябе зразумела, што цяпер спадзявацца варта толькі на ўласныя сілы, каб знайсці сваё месца ў жыцці. Валянціна старанна ўзялася за вучобу, імкнулася спасцігнуць усё тое, што маглі ёй даць настаўнікі. У выніку пасля дзесяці класаў змагла паступіць у Гродзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы інстытут, дзе набыла запатрабаваную спецыяльнасць заатэхніка. Працавала на малой радзіме. Тут сустрэла сваё каханне – мясцовага хлопца Аляксандра. Ён працаваў вадзіцелем і пазнаёміўся з юнай прыгажуняй, калі падвозіў яе ў Дзятлава.

Вяселле згулялі ў 1963 годзе. Разам выгадавалі дваіх дзяцей. Дачка Наталля цяпер жыве далёка, у горадзе Маздоку ў Паўночнай Асеціі. Сын Валерый – у суседнім аграгарадку Жукоўшчына, ён пайшоў па слядах бацькі – таксама працуе вадзіцелем.

Сорак адзін год Валянціна Канстанцінаўна адпрацавала ў сельскай гаспадарцы, была заатэхнікам, тэхнікам-асемянатарам. Яна прызнаецца, што любіць жывёл і ўмее пра іх клапаціцца. Таму і дома ў Шаркутаў заўсёды была вялікая гаспадарка, сям’я вылучалася працавітасцю. Яшчэ Валянціне Канстанцінаўне падабаліся простыя сялянскія справы: займацца агародам, хадзіць па ягады. На пенсіі яна знайшла для сябе новы адказны занятак: гадавала пяцёра ўнукаў. Сама прайшоўшы няпростае жыццё, старалася арыентаваць іх на старанную вучобу, каб змаглі выбраць прафесію па душы. З лёгкай бабулінай рукі ўнукі атрымалі “свае білецікі” ў даролае жыццё, працуюць дактарамі і педагогамі, жывуць у Мінску і Маздоку. Цяпер Валянціну Канстанцінаўну радуюць яшчэ і чацвёра праўнукаў.

– Шчыра паважаю сваю свякроўку, вельмі ёй удзячна за падтрымку нашых дзяцей і чалавечыя якасці, – характарызуе роднага чалавека жонка сына Людміла Іосіфаўна, настаўніца Жукоўшчынскай базавай школы. – Яе вылучаюць такія добрыя рысы характару, як адказнасць, справядлівасць, самаадданасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу.

Калі ж прадаўжаць характарыстыку, то да іх можна дадаць мудрасць і важкі жыццёвы вопыт. Нездарма на развітанне з артыстамі Валянціна Шаркут пажадала маладому пакаленню заўжды жыць з працы сваіх рук, а для гэтага старанна вучыцца, заняць пачэснае месца ў грамадстве, працоўнымі дасягненнямі памнажыаць дабрабыт краіны, жыць у згодзе і захоўваць мір у сваіх душах і сем’ях.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: