Дзятлаўшчына заўжды ганарыцца сваімі знакамітымі землякамі, якія, у сваю чаргу, не забываюць малую радзіму, наведваюць яе,праводзяць сустрэчы.
Адна з іхадбылася ў Погірскім клубе-музеі народнага побыту. Прэзентацыю кнігі прозы, паэзіі, публіцыстыкі “Улюбёная ў жыццё і людзей” ладзіла ўраджэнка Погіраў, філолаг, педагог, псіхолаг, пісьменніца-песенніца Людміла Дзіцэвіч. На мерапрыемства сабраліся родныя і блізкія Людмілы Мікалаеўны, землякі, аматары яе творчасці. Атрымалася не проста афіцыйнае мерапрыемства, а шчырая, цёплая сяброўская сустрэча з доўгімі размовамі, успамінамі пра мінулае, расказамі пра сваё жыццё.
Літаратурную дзейнасцьЛюдміла Дзіцэвіч распачала яшчэ ў 1972 годзе студэнткай філфака БДУ. Працуе ў паэзіі, прозе, публіцыстыцы на беларускай і рускай мовах. Аўтар адзначыла, што кнігу пісала пяцьдзясят гадоў. “У маіх творах зашыфраваная ўся мая душа з поўным наборам тонкасці і празрыстасці Божага свету. І гэта было формай майго ратавання людзей ад цяжкога жыцця, ад напружання, канфліктаў, зла, нянавісці, агрэсіі, хвароб”, – гаворыць пісьменніца.
Дык чаму ж яна не друкавала свае творы, а ўпарта некалькі дзясяткаў гадоў складвала іх у стол? То не было часу на падрыхтоўку напісанага да друку, то лічыла свае творы нізкавартаснымі, то не хапала грошай, але самай вялікай прычынай такога доўгага творчага маўчання быў страх, што скажуць людзі, як ацэняць напісанае, раптам асудзяць, раскрытыкуюць, адказвае пісьменніца на гэтае пытанне. Аднак страх аказаўся дарэмным: кніга атрымалася змястоўнай, душэўнай, творы светлыя, добрыя, аптымістычныя, чытаюцца лёгка і цікава. Людміла Дзіцэвіч піша пра радзіму, прыгажосць прыроды, сяброў і блізкіх. Акрамя вершаў, яна прапаноўвае чытачу свае пераклады іншых аўтараў, апавяданні, публіцыстычныя творы пра адметныя моманты свайго жыцця.
Творчых задумаў у Людмілы Мікалаеўны яшчэ шмат, і напісаных твораў таксама нямала – на некалькі кніг. Яна спадзяецца, што будзе магчымасць іх паступова публікаваць.
“Сёння я моцна радуюся свайму адметнаму літаратурнаму шляху, на якім прыйшла да сябе, свайго Я. На гэтым шляху я навучылася ўдзяляць увагу сабе, свайму духоўнаму свету, пісаць спачатку для Бога і сябе. А потым ужо дзяліцца з людзьмі”, – гаворыць Людміла Дзіцэвіч.
Упершыню пад шэсцьдзясят сваіх гадоў яна напісала верш сабе “Маё жыццё”, які нечакана ператварыўся ў песню з яе ўласнай музыкай. Такія змены ў яе творчасці, як адзначае сама жанчына, былі поўнымі дзівосамі, бо яна не вучылася ў музычнай школе, не ведае нотнай граматы, а песні піша. Аказваецца, таленты могуць праяўляцца ў любым узросце, неабходна толькі іх заўважыць і развіваць, шмат і старанна працуючы. На сёння мае больш за сорак песень з уласнымі словамі і музыкай, а з2021 года з’яўляецца салісткай, аўтарам песень ансамбля гітарыстаў “З песняй па жыцці”.
Хочацца адзначыць, што акрамя творчасці, цяпер Людміла Мікалаеўна актыўна займаецца псіхалогіяй, з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, праводзіць адукацыйную дзейнасць у сферы псіхалогіі. Яна стварыла Школу асобаснага росту “ШАР”, Псіхалагічны тэатр мініяцюр. На Ютубе ёсць сайт і канал псіхолага Людмілы Дзіцэвіч, дзе выстаўлены каля 70 відэаролікаў па самых розных аспектах жыцця. Стварыла псіхалагічныя курсы “Любіць сябе цяпер”, “Трансфармацыя цела, або Лячэнне траўмаў дзяцінства”, “Псіхасаматыка”, прапагандуе аўтарскія прынцыпы, метады і формы актыўнага даўгалецця на разнастайных пляцоўках анлайн і афлайн, у газетах, часопісах, на радыё і тэлебачанні.
Людміла Дзіцэвіч часта прыязджае на Дзятлаўшчыну, у сваю родную вёску Погіры, завітвае да суседзяў, наведвае могілкі, дзе знайшлі спачын бацькі. Родная старонка, малая, але такая мілая сэрцу радзіма заўжды будзе ў яе душы.
Мая вёсачка Погіры, тут
Наймілейшы мой дзятлаўскі кут,
Загуменне, Пясчанка, Квіны,
І няма ў тым вялікай віны,
Што люблю я свой край ўсёй душой
І з’яднана навекі з табой,
Рэчка Дзятлаўка, Ройста, Лаўжын,
Маіх продкаў апошні спачын…
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga