Патлумачыць, расказаць, паказаць работу ЗАГСа вучням Казлоўшчынскай школы паспрабавалі работнікі гэтай установы Вольга Бародзіч і Святлана Вінакурава. І гэта ў іх атрымалася.
– Паняцце ЗАГС у вас асацыіруецца з месцам, дзе рэгіструюцца шлюбы: вясельны марш, віншаванне маладых, букеты кветак, пырскі шампанскага… Гэта так. Але ў аддзеле запісу актаў грамадзянскага стану – ЗАГСе многа іншай, будзённай працы, не менш важнай, патрэбнай людзям, – патлумачыла вучням начальнік аддзела ЗАГС Вольга Бародзіч. – Па самыя неабходныя, асноўныя дакументы людзі звяртаюцца менавіта сюды. У ЗАГСе не толькі рэгіструем шлюбы, але і выдаём пасведчанні пра нараджэнне дзіцяці. Сюды людзі звяртаюцца па пытаннях усынаўлення, устанаўлення бацькоўства, скасавання шлюбу, перамены прозвішча, імя, імя па бацьку і, урэшце, – па пасведчанне аб смерці блізкіх. Можна сказаць, што ЗАГС вядзе па жыцці кожнага чалавека, скрупулёзна запісваючы кожны этап яго жыцця.
Вольга Бародзіч прапанавала адзінаццацікласнікам пераўвасобіцца ў жаніхоў і нявестаў, паспрабаваць самім запоўніць і падаць заявы на рэгістрацыю шлюбу. Пад марш Мендэльсона хлопцы і дзяўчаты зайшлі ў залу ўрачыстасцяў, паглядзелі слайд-шоу пра рэгістрацыю шлюбу, зачыталі клятву жаніха і нявесты. Усё гэта выклікала цікавасць у падлеткаў, якія праз пару гадоў могуць сапраўды самі прымаць адказныя рашэнні – ствараць сем’і.
Было шмат жартаў, смеху, калі выбіралі шлюбныя пары, запаўнялі дакументы. Некаторыя дзяўчаты вырашылі нават пажартаваць у дзень смеху над матулямі і паказаць ім “заявы” на рэгістрацыю шлюбу.
Асаблівую цікавасць у палеткаў выклікала кніга запісаў актаў пра іх нараджэнне ў 2000 годзе. Для многіх было адкрыццём, якой вагі, росту, у які час яны з’явіліся на свет. А “немаўляткам”, якія сёння маюць рост пад два метры, дасталося найбольш дружалюбных кпінаў.
Вандроўка ў ЗАГС, па водгуках, прайшла жыва, нязмушана. На памяць пра яе школьнікі атрымалі вокладкі для пасведчанняў аб нараджэнні.
І. МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота прадастаўлена аддзелам ЗАГС райвыканкама.