Жніво-2024 павінна быць не толькі якасным, эфектыўным, але і бяспечным. Апошні аспект знаходзіцца на пастаянным кантролі ў шэрагу ведамстваў і службаў раёна.
Мабільная група, у якую ўваходзяць інспектары ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, прафсаюзаў, раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі 2-3 разы на тыдзень наведвае аб’екты жніва і зернесушыльныя комплексы прадпрыемстваў раёна.
Гэтым разам з праверкай у КСУП “Войневічы” завіталі галоўны спецыяліст сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сцяпан Вольскі, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.
– З мэтай забеспячэння бяспечных умоваў працы ў час уборачнай кампаніі намі сумесна з прафсаюзнымі арганізацыямі былі распрацаваны мерапрыемствы па кантролі за выкананнем правілаў аховы працы. Яшчэ да пачатку ўборачнай кампаніі з вадзіцелямі, механізатарамі, работнікамі збожжасушыльных комплексаў, майстэрняў на кожным з сельгаспрадпрыемстваў раёна былі праведзены семінары-вучобы па пытаннях аховы працы з наступнай праверкай ведаў, – адзначыў Сцяпан Станіслававіч. – Цяпер прыйшоў час трымаць адказ за веданне і выкананне правілаў. Планавыя і раптоўныя праверачныя мерапрыемствы ў гаспадарках праводзяцца як у дзённы, так і ў начны час сутак.
У КСУП “Войневічы” мабільная група пабывала на зернесушыльным комплексе і на полі, праверыла умовы працы, няўнасць спецвопраткі ў работнікаў сельгаспрадпрыемства, ахоўных агароджаў, ланцуговых і раменных перадач на камбайнах, зернесушыльных комплексах, журнал інструктажоў, выкананне правілаў тэхнікі бяспекі і пажарнай бяспекі, умовы харчавання аграрыяў.
На гэты раз сур’ёзных парушэнняў выяўлена не было. Аднак за час работы мабільнай групы фіксаваліся факты ў тым ліку грубага парушэння патрабаванняў аховы працы, напрыклад, рамонт тэхнікі пры нявыключаным рухавіку, работа з пашкоджанымі ахоўнымі агароджамі. Па фактах зроблены пісьмовыя заўвагі з прызначэннем паўторнай праверкі на працягу тыдня.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#уборочная #Войневичи #сельское_хозяйство