Жніво — 2024. Самая шчырая работа

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Уборачная кампанія-2024 у самым разгары, і на палетках Дзятлаўшчыны вядзецца сапраўдная бітва за ўраджай. На перадавой – моладзь і вопытныя механізатары, якія не толькі шчыра любяць родную зямлю, але і ўмеюць на ёй працаваць.

Юбілейны, пятнаццаты ўборачны сезон сёлета сустрэў механізатар КСУП “Войневічы”, шматдзетны тата, лідар на жніве ў сваім сельгаспрадпрыемстве Дзмітрый Сухецкі. “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся” – гэта выслоўе акурат пра Дзмітрыя і яго брата Паўла Сухецкіх, ураджэнцаў нашага раёна, якія прысвяцілі сваё жыццё цяжкай, але высакароднай працы хлебароба. Прафесію Дзмітрый атрымаў у Казлоўшчынскім прафтэхвучылішчы, а далей – жыццё навучыла, і старэйшыя таварышы дапамаглі. Дзмітрый Сяргеевіч – спецыяліст універсальны, аднолькава спрытны да трактара і камбайна.

– Сезон пачынаю вясной, на трактары МТЗ-3022 – узворваю, культывую, затым перасаджваюся на кормаўборачны камбайн КВК-800, на якім падбіраю траву, а з яго – на збожжаўборачны КЗС-1218, адтуль восенню вяртаюся на КВК, каб нарыхтоўваць кукурузу на кармы. І, нарэшце, завяршаю культывацыяй, – расказвае механізатар пра свой сельскагаспадарчы год. За столькі сезонаў ужо прывык ісці ў адпачынак толькі пасля Новага года, каб потым з адноўленымі сіламі рыхтаваць тэхніку да наступнага сезона.

– Чым прывабіла сельская гаспадарка? Як сталі лідарам?

– Гэта самая шчырая работа. Як ты паставішся да сваіх абавязкаў, як папрацуеш, на колькі працэнтаў “выкладзешся” ў сваёй справе, такі і вынік будзе, такі і заробак. Таму і збіраюся на работу а палове сёмай раніцы, а вяртаюся зацемна. Ведаю, што трэба старанна працаваць, каб забяспечыць сям’ю, яна ў мяне вялікая: любімая жонка, гаспадыня нашага дома і захавальніца сямейнага ачага, чатыры сыны і дачушка.

– Як звычайна праводзіце водпуск?

– Далёка не ездзім, усё больш на малой радзіме, – кажа аграрый. – Раблю нешта ў доме, у вольны час езджу на зімовую рыбалку, стараюся больш часу прысвяціць жонцы і дзецям.

У гарачую пару Дзмітрый Сухецкі няшмат бывае са сваімі блізкімі, але тыя разумеюць працу хлебароба і ганарацца татам. Старэйшы сын-падлетак ужо цікавіцца бацькавай справай, магчыма таксама звяжа жыццё з сельскай гаспадаркай.

Тым больш, што найлепшы прыклад – тата, выдатны механізатар, які ніводзін сезон не завяршае без запаветнай “тысячы”, а то і не адной. Калі кіраўніцтва падтрымлівае, не надта маладая, але добра адладжаная тэхніка “лётае”, абеды ў поле прывозяць, а дома чакаюць самыя блізкія… Чаму б не працаваць?..

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#уборочная 2024 #механизаторы #сухецкий