Жыццё на служэнні Айчыне.
Пасля вызвалення Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў загадам Дзятлаўскага раённага ваеннага камісара ад 12 ліпеня 1944 года № 1 сфарміраваны Дзятлаўскі раённы ваенны камісарыят. Сёння ён “адзначае” 80-годдзе.

Важная старонка дзейнасці ваеннага камісарыята раёна звязана з іменем былога камісара, а сёння кіраўніка раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Валянціна Абухава. Ён узгадаў, як гэта было:

– У ваенным камісарыяце ўпершыню я з’явіўся ў 1981 годзе: як і ўсе юнакі, быў пастаўлены на вайсковы ўлік. У 1982 годзе з лёгкай рукі тады начальніка другога аддзялення, а пазней – ваеннага камісара Мікалая Волчака атрымаў накіраванне на паступленне ў ваенную навучальную ўстанову Даўгаўпілскае вышэйшае ваеннае авіяцыйна-інжынернае вучылішча Латвійскай ССР, фактычна пачаў шлях служэння Айчыне. Зноў у ваенкамаце я з’явіўся ў 1998 годзе пасля заканчэння службы ў Прыморскім краі, адкуль вярнуўся на радзіму разам з сям’ёй, у 33 гады маючы статус ваеннага пенсіянера. У 1999 годзе паўторна паступіў на ваенную службу па кантракце ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, стаў працаваць у Дзятлаве начальнікам першага аддзялення – намеснікам ваеннага камісара раёна. У студзені 2001 года я быў прызначаны ваенным камісарам Дзятлаўскага раёна, на гэтым месцы служыў дзесяць з паловай гадоў.
– Якія задачы стаялі тады перад ваенным камісарыятам, як працаваў яго калектыў?
– На працягу дзейнасці ваенкамата пастаянна ідзе яго рэфармаванне, аднак задачы, пастаўленыя перад структурай, істотна не мяняліся з часоў Вялікай Айчыннай вайны: мабілізацыйнае планаванне, улікова-прызыўная работа, улік каманднага саставу, салдат і сяржантаў, усеагульнае ваеннае навучанне. Да гэтага пераліку цяпер дадалося вырашэнне задач тэрытарыяльнай абароны. З імклівым развіццём беларускай арміі ў самой сістэме ваенных камісарыятаў за 80 гадоў кардынальным чынам нічога не змянілася, нават назва пасады кіраўніка – камісар.
– Ці паўплывала паўсюдная цыфравізацыя на работу ваеннага камісарыята?
– Калі раней усе дакументы вяліся выключна на папяровых носьбітах, з часам усё паступова перайшло ў лічбавы фармат. Гэта значна скарачае час на пошук і апрацоўку інфармацыі, прыняцце рашэнняў. Адпаведна, патрабаванні да работнікаў цяпер больш высокія, чым некалі.
– Чаму ў свой час вы развіталіся з раённым ваенкаматам і якім чынам вярнуліся ў калектыў?
– Любы афіцэр на працягу жыцця будуе сваю кар’еру. Сістэму ваенных камісарыятаў я не пакінуў, перайшоў на пасаду намесніка ваеннага камісара Мінскай вобласці, дзе завяршыў службу па ўзросце і быў звольнены ў запас. Не захацеў заставацца без справы, стаў працаваць у райваенкамаце на грамадзянскай пасадзе, займаўся пытаннямі сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння ваеннаслужачых, а таксама ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны.
– На працягу ўсяго свайго жыцця і працоўнага шляху вы займаліся даследчай краязнаўчай дзейнасцю. Ці прадаўжаеце яе цяпер?
– Калі пачаў гэтым займацца, зразумеў, што ў ваеннай гісторыі раёна шмат “белых плямаў”, дагэтуль не цалкам раскрытых. Калі я служыў ваенным камісарам, даследаванне гэтай тэмы ўваходзіла ў кола маіх абавязкаў разам з іншымі. Разам з тым я не мог прысвяціць гэтай справе столькі часу, колькі хацелася б, пазней паглыбіўся ў пошукавую работу. Многа цікавых і дагэтуль не адкрытых фактаў, якія тычыліся не толькі 1941-1944 гадоў, а нават выходзілі за межы перыяду. Напрыклад, не ўсе дзятлаўчане ведаюць, што пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Дзятлаўшчыне, як і ў многіх рэгіёнах нашай краіны, разгарнулася барацьба з бандытызмам. Войскі НКУС сумесна са СМЕРШ праводзілі мерапрыемствы па ліквідацыі банд з ліку пасобнікаў фашыстаў і тых, хто хаваўся ад мабілізацыі на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы. Далёка не ўсё мы ведаем аб партызанскім доктары Ёскелі Атласе. Калі даследаванне будзе скончана, абавязкова апублікую матэрыял на гэту тэму.
– Узгадайце самыя значныя знаходкі гісторыі раёна. Чым займаецеся?
– Найперш хачу выказаць словы ўдзячнасці выдатнаму навукоўцу і краязнаўцу, які зрабіў вялікую работу па даследаванні роднага краю – Міхаілу Лук’янчыку. На жаль, ён пакінуў гэты свет, аднак аб ім будуць помніць удзячныя землякі. У ліку самых значных нашых “знаходак” – спісы беззваротных стратаў 1941-1944 гадоў. Інфармацыя, якая многія гады была пад грыфам “сакрэтна”, сёння даступная, трэба толькі ўважліва чытаць. Мы ўстанавілі месца партызанскага шпіталя ў Ліпічанскай пушчы, да якога быў пракладзены турыстычны маршрут.
Шмат цікавай работы, а наперадзе – важных адкрыццяў: гэта акалічнасці фарміравання партызанскага руху ў раёне, перыяд сакавіка – ліпеня 1944-га года, пра які вельмі мала звестак. Ёсць пытанні адносна таго, адкуль у Наваельні з’явілася такая вялікая колькасць расстраляных фашыстамі яўрэяў. Гэту гісторыю ў рамках крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа разглядае пракуратура раёна, якой дапамагаю інфармацыяй.
– Што пажадаеце калектыву ваеннага камісарыята з нагоды свята?
– Раённы ваенкамат – ключавая старонка майго жыцця, якой я прысвяціў 19 гадоў службы і работы, што пакінулі добры след у памяці. Я і цяпер часты госць у родных сценах. Усе мы, афіцэры запасу і сённяшнія вайскоўцы, выбралі прызванне абараняць Радзіму і застаёмся вернымі яму назаўжды. Жадаю прадаўжаць выконваць свае абавязкі якасна і сумленна. Усім міру на Зямлі, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту сем’ям.
Наталля АВЯРЧУК