На малочна-таварнай ферме “Данілавічы” ААТ “Граніт-Агра” (Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць) карова Лялька нарадзіла тройню. Адметная падзея здарылася 7 сакавіка 2017 года. У той дзень на ферме дзяжурыла Людміла Хоміч, яна і прыняла Лялькіны роды. Усе трое нованароджаных – бычкі.
Ужо на другі дзень нованароджаныя трапілі пад апеку Веры Савоська. Вера Анатольеўна гадуе малых цялятак 23 гады. Двойні, кажа, былі, а вось каб адразу тройня – гэтакі выпадак здарыўся ўпершыню.
Ніякіх асаблівых умоваў для траіх “брацікаў” на ферме не стваралі, кажа загадчыца МТФ “Данілавічы” Наталля Болтач. Малым даюць малако, ваду і спецыяльны камбікорм для маленькіх цялятак – КР1. Пачуваюцца яны добра, дужанькія, бадзёрыя. Сёння прымаюць сонечныя ванны (для выпрацоўкі вітаміну D) у сваіх доміках. Праўда, іх мама Лялька аднаўляецца пасля родаў цяжэй, чым звычайна каровы пасля ацёлу. Але і яе жыццю і здароўю, з меркавання спецыялістаў сельгаспрадпрыемства, нішто не пагражае.
Нараджэнне тройні ў кароваў – даволі рэдкая з’ява. Статыстыка падказвае, што ў свеце адзін такі выпадак здараецца на 37 тысяч ацёлаў.
Б. ВАРНА