Краса Дзятлаўшчыны атрымае пуцёўку за мяжу

Падзеі

Раённы конкурс грацыі і прыгажосці зноў пройдзе восенню ў Дзятлаве. Сёлета мерапрыемства плануюць правесці ў новым фармаце з запрашэннем спонсараў. Арганізатары «Красы Дзятлаўшчыны», а гэта раённы Дом культуры пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Дзятлаўскага раённага камітэта ГА «БРСМ», запрашаюць на конкурс незамужніх дзяўчат, якія жывуць на тэрыторыі нашага раёна, ва ўзросце ад 18 да 31 года, ростам 167 сантыметраў і вышэйшых.

Заяўкі на ўдзел неабходна падаць да 5 кастрычніка. Падрыхтоўчы этап конкурсу «Краса Дзятлаўшчыны-2014» абяцае быць насычаным. За гэты час канкурсанткі пройдуць падрыхтоўку па харэаграфіі, культуры мовы, акцёрскім і сцэнічным майстэрстве. Графік заняткаў будзе распрацаваны пасля асабістага ўзгаднення з удзельніцамі.

Фінал конкурсу па традыцыі адбудзецца ў Дзятлаўскім РДК. Ён будзе ўяўляць сабой відовішчнае тэатралізаванае прадстаўленне для шырокай аўдыторыі гледачоў.

Журы ацэніць прывабнасць, агульную эрудыцыю, пластыку, сцэнічную культуру, харэаграфічныя здольнасці, эстэтычны густ, пачуццё гумару прыгажуняў. Удзельніца, якая пераможа ў конкурсе, атрымае тытул «Краса Дзятлаўшчыны-2014», стужку пераможцы, карону і галоўны прыз конкурсу. Сёлета гэта бясплатная пуцёўка ад турыстычнай фірмы «Ласэтур». Прыгажуня на свой густ зможа выбраць адзін з трох прапанаваных маршрутаў: у Санкт-Пецярбург на тры дні або ў Прагу і Карлавы Вары на чатыры дні ці ў Стакгольм і Вільнюс на чатыры дні, два з якіх пройдуць на пароме. «Ласэтур» дапаможа пераможцы і з афармленнем неабходных дакументаў.

На конкурсе «Краса Дзятлаўшчыны-2014» таксама вызначаць першую і другую віцэ-міс, міс фота, міс сімпатый гледачоў. Для фіналістак «Красы Дзятлаўшчыны» арганізатарамі мерапрыемства сёлета ўстаноўлены шэраг бонусаў і скідак. Таму, калі вы маладая, таленавітая і прыгожая, вам — да нас. Дасылайце заяўку на ўдзел — не пашкадуеце!

Запоўненыя анкеты для ўдзелу ў конкурсе неабходна выслаць не пазней за 5 кастрычніка 2014 года ўключна.

Тэлефоны для даведак 2-14-48, 2-25-63, 2-25-61.

Аргкамітэт



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *