ГрадусПлюс. Пазвані мне, пазвані

Важнае Грамадства

Ні для каго не сакрэт, што ўсе службы раёна і краіны ў цэлым адкрытыя да зваротаў грамадзян.

У любой экстраннай сітуацыі мы можам напрамую пазваніць у патрэбнае ведамства, дзе працуе дыспетчар або гарачая лінія, там абавязкова выслухаюць і дапамогуць вырашыць праблему. Аднак тыя, хто злоўжывае такой магчымасцю, самі на сябе могуць наклікаць праблемы з законам.

 

Так, жыхарка аграгарадка Дварэц атрымала адміністрацыйнае спагнанне за тое, што тэлефанавала на гарачую лінію Дзятлаўскага РУП ЖКГ па пытаннях адлову сабак… 52 разы на працягу сутак! Сваёй настойлівасцю жанчына паралізавала нармальную работу аператыўнай службы жылкамунгаса, “сарвала” штомесячны паказальнік дазвону на лінію “115” (колькасць прынятых званкоў у месяц павінна перавышаць 90 %).

Як паведаміла спецыяліст па рабоце з кліентамі Дзятлаўскага РУП ЖКГ Ірына Сташэўская, усё гэта суправаджалася абразай і пагрозамі:

– Жыхарка аграгарадка Дварэц пазваніла нам на нумар 115 з прэтэнзіямі па пытанні адлову сабак у іх населеным пункце, на што атрымала вычарпальны адказ. Верагодна, грамадзянку ён не задаволіў, і жанчына тэлефанавала дыспетчару ў суботу памінутна, крычала, каб ёй перазванілі і кідала трубку. На наступны дзень дзяжурыла я сама, і толькі за 40 хвілін атрымала 11 званкоў ад яе. Жанчына абражала, праклінала, нервавалася, пагражала нам органамі правапарадку і судом. У тэлефоннай размове я папярэдзіла грамадзянку, што яна парушае работу рэспубліканскай гарачай лініі, і мы будзем вымушаны рэагаваць адпаведна, паведаміўшы ў міліцыю. Пасля гэтага званкі спыніліся. Між тым, на лінію “115” кожны дзень паступаюць у сярэднім ад 5 да 20 тэлефанаванняў ад тых, каму рэальна патрэбна дапамога: летам гэта можа быць вада ў падвале пасля ліўня або забітая каналізацыя, пакос травы, у ацяпляльны перыяд магчыма недзе слаба грэюцца батарэі ў пачатку сезона і многае іншае, што аператыўна вырашае камунальная служба.

Начальнік аддзела ўнутраных спраў Вадзім Шчурскі расказаў, што дзеянням гераіні аповеду была дадзена прававая ацэнка, жанчына атрымала пакаранне:

– У наш аддзел паступіла заява ад дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ аб прыцягненні да адказнасці жыхаркі аграгарадка Дварэц, якая на працягу двух дзён парушала нармальную работу арганізацыі званкамі на лінію “115”, на заўвагі не рэагавала. Па дадзенай сітуацыі была праведзена праверка, прааналізаваны запісы тэлефонных размоваў, зроблены высновы. У адносінах да грамадзянкі быў складзены адміністрацыйны пратакол па артыкуле 19.1 “Дробнае хуліганства”. У час размовы ў аддзеле ўнутраных спраў жанчына цалкам прызнала сваю віну, на першы раз атрымала мінімальны штраф 2 базавыя велічыні. Хочацца нагадаць грамадзянам аб адказнасці за падманныя, хуліганскія і іншыя падобныя званкі на тэлефоны экстранных службаў – газавай, энергетычнай, МНС, хуткай дапамогі, міліцыі і іншых. Гэтым вы не толькі перашкаджаеце людзям, якім сапраўды патрэбна дапамога, але і парушаеце закон, за што абавязкова надыдзе адказнасць.

Пасля агучанага хочацца толькі дадаць: людзі, калі ласка, будзьце ветлівымі і ўраўнаважанымі. Паважайце чужую працу і не перашкаджайце ёй. А калі вельмі хочацца пагаварыць, набярыце нумар родных, якія даўно чакаюць вашага званка.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga