Мастацкая зорачка Аляксандры Вінцукевіч

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Які ўзрост, на вашу думку, аптымальны, каб пачаць займацца выяўленчым мастацтвам?

Нехта скажа, дашкольны або пачатковая школа, іншы заўважыць, што крыху пазней, калі развіваецца ўседлівасць і працавітасць. Аднак суперматуля Вольга напэўна ведае адказ на гэта пытанне: калі маленькі чалавек пачынае трымаць аловак або пэндзаль у руках – ужо самы час маляваць, а ў хуткім часе і ўдзельнічаць у конкурсах.

Яе дачка Аляксандра Вінцукевіч – маленькі цуд, чый талент расцвіў дзякуючы любові і ўважлівасці родных. У свае чатыры з паловай гады яна ўжо заслужыла высокія ўзнагароды рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў – дыплом лаўрэата ІІ ступені  V дзіцяча-юнацкага мастацкага конкурсу “Намалюй гэты свет”, дыплом і медаль лаўрэата ХІХ Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”, дыплом пераможцы ІІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай творчасці “Калядная палітра”. Усё гэта літаральна за апошнія паўгода! За гэты час юная мастачка Саша Вінцукевіч паспела пазнаёміцца з выдатнымі мастакамі Беларусі, паўдзельнічаць у пленэрах на Дзятлаўшчыне і за межамі раёна і іншых цікавых мерапрыемствах. Узляцець на небасхіле мастацтва ёй, як два крылы, дапамагаюць любімая матуля і педагог Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Лукашэня.

– Здольнасці да малявання і жаданне ім займацца адкрыліся ў Аляксандры ў вельмі раннім узросце. Помню, ужо ў год і адзінаццаць месяцаў дачка малявала людзей – маму, тату, бабулю. З маленства яна вельмі настойлівая і скрупулёзная ў давядзенні да канца любых спраў. Думаю, гэта дапамагло таксама, – кажа Вольга Вінцукевіч. – Я сама настаўніца, зараз у дэкрэтным адпачынку, таму пастаралася падтрымаць гэта пачынанне на максімум. Мы бясконца шмат малявалі, ляпілі з пластыліну, чыталі кніжкі з яркімі ілюстрацыямі. Думаю, усё гэта паўплывала. Нават план заняткаў калі-нікалі распісвала.

Доўгі час сям’я Вінцукевічаў жыла ў Мінскай вобласці, а пасля нараджэння малодшага сына Данііла вярнулася на радзіму мужа ў Дзятлава.

– Горад мне вельмі спадабаўся: утульны, прыгожы, чысты, тут вельмі зручна з маленькімі дзеткамі, – падзялілася Вольга Валер’еўна. – Лёс склаўся так цудоўна, што нашай суседкай па пад’ездзе апынулася Жанна Вячаславаўна, якую вельмі зацікавіла творчасць Аляксандры, яна прапанавала займацца мэтанакіравана і пачаць удзельнічаць у конкурсах. Вынік здзівіў і мяне, і нават саму настаўніцу: работы юнай мастачкі не проста заўважылі, а высока ацанілі конкурсныя камісіі.

Аляксандру разам з мамай і настаўніцай запрасілі на цырымонію ўзнагароджання, дзе, чакана, яна была самай маленькай.

– У Сашкі вельмі вялікае жаданне працаваць і развівацца, якое мы старанна падмацоўваем, – расказвае Вольга Вінцукевіч. – Яна робіць усё новыя і новыя поспехі, шмат і старанна займаецца, вельмі цікава фантазіруе і адлюстроўвае свой казачны свет на паперы.

У астатнім Саша – звычайная дзяўчынка, якая ахвотна бавіць час з роднымі дома і на прыродзе, любіць свае цацкі, прысмакі і прыгоды, сябруе ў садку № 2 горада Дзятлава і марыць аб нечым цудоўным, што абавязкова збудзецца.

У школу мастацтваў будзеце запісвацца? – пытаю на развітанне ў Вольгі Вінцукевіч.

– Абавязкова! Але зможам гэта зрабіць толькі праз два гады, калі Аляксандра пойдзе ў першы клас агульнаадукацыйнай навучальнай установы.

У Дзятлаўскай школе мастацтваў з нецярпеннем чакаюць адораную вучаніцу, Жанна Лукашэня мяркуе дзяўчынцы вялікую мастацкую будучыню і абяцае падтрымаць яе ў захапляльным, але няпростым, поўным стараннай працы і мэтанакіраванасці шляху да поспеху.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, з сямейнага архіва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: