Спрадвеку песня была побач з чалавекам і ў радасці, і ў горы
Традыцыю гэту ў беларускай глыбінцы прадаўжае сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
На гэты раз Іван Кашко, Святлана Венская, Ірына Бакшук з цёплай канцэртнай праграмай хітоў мінулых гадоў “Зноў душу хвалюе знаёмы матыў” пабывалі ў вёсках Сямёнавічы, Жыкавічы, Рэпкі, Петрашы.
– Нашы візіты – нагода для вяскоўцаў лішні раз сабрацца разам, – зазначае Ірына Бакшук. – У невялікіх вёсках Дзятлаўшчыны ў асноўным жывуць людзі шаноўнага ўзросту, пенсіянеры. Кожны такі канцэрт для іх – значная падзея, яны рады нашым візітам, чакаюць іх. Нездарма ў адной з прымавак гаворыцца: “Хто з песняй жыве, таго кручына не бярэ”. Мы дорым вяскоўцам добры настрой і пазітыўныя эмоцыі, якія, як вядома, паляпшаюць якасць жыцця. Вяскоўцы заўсёды любілі спяваць хорам, ні адно свята не абыходзілася без песні. Цяпер таксама ва ўсіх гасцей і гледачоў нашых выязных канцэртаў ёсць цудоўная магчымасць далучыцца да нас і паспяваць.
Бліжэй да Дня Незалежнасці мы будзем ладзіць яшчэ і выязныя агітбрыгады, выконваць песні ваенных гадоў і пра мір, славіць герояў, якія падарылі нам светлае жыццё.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі сектара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga