Ва ўрачыстай абстаноўцы дыплом за ІІІ месца абласнога конкурсу метадычных распрацовак “Працоўнае і прафесійнае выхаванне” ўручылі маладому спецыялісту дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава Вользе Грыцук
З “бронзавай” перамогай выхавальніцу павіншавала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:
– Адметна, што гэта быў поспех менавіта маладога спецыяліста. Вы сталі станоўчым прыкладам для іншых пачынаючых педагогаў раёна. Вам удалося прапанаваць цікавую ідэю і пры падтрымцы старэйшых калегаў, метадычнай службы дастойна прадставіць яе на абласным конкурсе, увайсці ў тройку лепшых на Гродзеншчыне. Гэта выдатны пачатак сур’ёзнай і паспяховай працоўнай кар’еры. Жадаю вам далейшых вынікаў у кожнай справе, на кожны дзень. Упэўнена, што іх можна дасягнуць праз любоў да дзяцей і выбранай прафесіі. Шчыра віншую.
Да пажаданняў далучыліся метадыст раённага метадычнага кабінета Кацярына Гайдук і загадчыца дзіцячага сада № 2 Святлана Ус.
– Ваша метадычная распрацоўка рэкамендавана для выкарыстання ўсім педагогам раёна, – адзначыла Кацярына Аляксандраўна. – У ёй грунтоўны практычны матэрыял па арганізацыі дзейнасці дзяцей на прагулцы з даследчай работай, працоўнымі навыкамі, выкарыстаннем прыказак, фальклору. Для пачынаючага педагога гэта важная і значная прыступка на шляху да прафесійнага майстэрства.
Пасля ўзнагароджання Вольга Ігараўна расказала пра сябе, любоў да справы і ўдзел у конкурсе.
– Я ўраджэнка Баранавіцкага раёна, потым сям’я пераехала ў Раготна, дзе я скончыла школу. Атрымаць прафесію педагога дашкольнай адукацыі вырашыла па прыкладзе цёткі, ды і сама гадавалася ў шматдзетнай сям’і. У 2023 годзе пасля Лідскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы прыехала працаваць у дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава.
– Як даведаліся пра конкурс?
– Ад намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці Ілоны Чаславаўны Сіняк і педагога- настаўніка Ларысы Анатольеўны Балбуновай. Рашэнне прымала з хваляваннем, аднак падтрымалі калегі, метадычная служба раёна. Намінацыяй для праекта “Агародныя прыгоды” выбралі “Старт у прафесію”. Метадычная распрацоўка была скіравана на арганізацыю працоўнай дзейнасці выхаванцаў у час прагулак. Мы пасадзілі гарбузы, гарох, фасолю, даглядаем, паліваем, вядзём дзённічкі назірання. Выкарыстоўваем на занятках шмат фальклору, чыстагаворкі, загадкі, каб дзецям было цікава.
– Ці спадзяваліся на перамогу?
– Сумленна кажучы, не, таму прыемна ўражана. Наогул, дзяцей люблю. Мае выхаванцы, хоць і маленькія, але дапытлівыя і старанныя. Вучу іх уседлівасці, самастойнасці, даводзіць справы да канца. У нас ужо ёсць адчувальны прагрэс, спадзяюся, ён будзе сістэмны.
– Назавіце сваё жыццёвае правіла, раскажыце пра характар.
– Мой галоўны прынцып – ніколі не здавацца. Па характары я спакойная і ўседлівая, пунктуальная, люблю якасна і своечасова выконваць даручаныя справы.
– Чым захапляецеся?
– У каледжы хадзіла на заняткі па выяўленчым мастацтве. Вывучалі самыя розныя тэхнікі: ад вітражу да малявання па тканіне. Яшчэ ўмею вышываць. Усё гэта дапамагае ў рабоце. Ужо малявала плакаты, Дзеда Мароза для афармлення групы на Новы год, многа ўсяго – да мерапрыемстваў. “Сябрую” з інфарматыкай, нават ствараю гульні для інтэрактыўнай дошкі і нашых заняткаў.
– На ваш погляд, чым адметная дашкольная адукацыя?
– Яна патрабуе вельмі вялікай адказнасці, бо маленькія дзеці цікаўныя і актыўныя, за імі трэба пастаянна сачыць. Да таго ж, яны мала што ўмеюць і ведаюць, і задача педагогаў – даць надзейную базу, якая саслужыць ім добрую службу ў школе.
– Чаго, як прызёр конкурсу, пажадаеце калегам для паспяховасці?
– Адна я не справілася б, таму – надзейнага калектыву і плённай сумеснай работы. Яшчэ – не саромецца падаваць уласныя ідэі, бо мая прынесла поспех. Апошняе, безумоўна, даводзіць усе пачатыя справы да канца.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga