Навіны піянерыі. “Зарнічка” паклікала на старт

Важнае Грамадства

На базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава прайшоў раённы этап Рэспубліканскай спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”.

У спаборніцтвах прымалі ўдзел акцябраты-зарнічнікі ва ўзросце 9-10 гадоў. У састаў каманд, згодна з правіламі, уваходзіла па 6 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі.

Удзельнікаў спартыўна-патрыятычных іспытаў урачыста павіталі і пажадалі ўдалых стартаў начальнік групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна маёр Таццяна Трашчаліна і старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка.

Хто самы кемлівы, загартаваны, спрытны, высвятлялі восем каманд акцябратаў-зарнічнікаў: з сярэдніх школ № 1 і № 3, гімназіі № 1 горада Дзятлава, Новаяльнянскай, Круцілавіцкай, Дварэцкай, Казлоўшчынскай, Гезгалаўскай сярэдніх школ.

На першым этапе з сімвалічнай назвай “Штаб” адбыўся агляд строю акцябрацкіх войскаў “Будзь гатовы!”. Каманды дэманстравалі як адзіночную страявую падрыхтоўку, так і ў саставе ўсяго атрада.

Затым акцябраты справіліся з не менш сур’ёзным заданнем гэтага этапу – “Маленькія грамадзяне вялікай краіны”. Яно праходзіла ў фармаце КВІЗа і складалася з трох тэматычных тураў: “Мая Радзіма – Беларусь, і я гэтым вельмі ганаруся!”, “Акцябронак не забудзь: у піянеры трымаеш шлях!”, “Будзем Радзіме служыць і Айчынай даражыць!”. Кожнаму атраду для адказу давалася адна хвіліна. Пытанні тычыліся дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь, подзвігаў беларусаў у ваенныя гады, у тым ліку подзвігаў піянераў-герояў, гісторыі піянерскага руху, дзейнасці ГА “БРПА” на сучасным этапе. Таксама ўдзельнікі каманд узгадалі назвы беларускіх гарадоў-герояў, аказалі першую санітарную дапамогу пацярпеламу.

Другі этап “Выступленне” быў прысвечаны ваенна-спартыўнаму выпрабаванню “Павуцінне”, дзе на паласе перашкодаў дзеці павінны былі пераадолець небяспечны ўчастак і не “злавіць кулю снайпера”. На этапе “Манеўраванне”  каманды з дапамогай падручных сродкаў і кемлівасці пераадольвалі “Дрыгву”.

Усе акцябраты-зарнічнікі паказалі дастойныя вынікі і атрымалі адпаведныя ўзнагароды. Лепшымі сярод іншых па часе, найменшай колькасці штрафных балаў і большай зладжанасці былі ўдзельнікі каманды Круцілавіцкай сярэдняй школы, якія і прадставяць Дзятлаўшчыну на абласным этапе Рэспубліканскай спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Ірынай МІШЧАНКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga