Захоўваць традыцыі і ўкараняць навацыі

Важнае Культура і адпачынак

У Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава прайшло пасяджэнне выніковага савета сектара культуры райвыканкама з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі і намесніка начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжаны Куратчык.

Удзел у ім прынялі работнікі дамоў культуры, клубных установаў, бібліятэк, школ мастацтваў Дзятлаўшчыны.

Загадчык сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько пазнаёміў прысутных з вынікамі работы падведамасных установаў раёна за 2023 год і агучыў задачы на 2024-ы. Ён адзначыў, што раён выканаў усе паказчыкі па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, але працаваць яшчэ ёсць над чым. У год якасці падрыхтоўка кожнага з мерапрыемстваў патрабуе больш пільнай увагі і рэсурсаў.

Аб арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці і работай клубных установаў раёна расказала загадчыца аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец.

Якім чынам у раёне наладжана работа аддзела па кінавідэаабслугоўванні з рознаўзроставай аўдыторыяй, праінфармавала яго загадчыца Ірына Сарачынская. Па яе словах, вялікай папулярнасцю карыстаюцца дадатковыя паслугі ўстановы, такія як правядзенне тэматычных мерапрыемстваў, а вось «вялікае» кіно дзятлаўчане, на жаль, не вельмі паважаюць.

Дырэктар Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Шэнаева падзялілася поспехамі ў рабоце калектыву, дасягненнямі вучняў школы, напрацоўкамі і планамі на будучыню. Расказала, як у Наваельні працуюць з замацаваннем маладых спецыялістаў.

Сняжана Куратчык павітала калегаў і падвяла вынікі сустрэчы. Яна адзначыла высокі ўзровень работы дзятлаўчан. Заўважыла, што гісторыка-краязнаўчы музей горада Дзятлава ўнікальны, але патрабуе абнаўлення экспазіцыі. Сняжана Віктараўна падзякавала бібліятэчным работнікам раёна за праектную дзейнасць.

– Вы “гучыце” на ўзроўні вобласці і вышэй, дзякую за выніковую работу, – сказала яна.

Канструктыўная размова ішла пра маладыя кадры ва ўсіх сферах культуры, захаванне культурнай спадчыны і яе помнікаў, пераемнасць пакаленняў, з’яўленне новых народных майстроў і абнаўленне матэрыяльнай базы ўстановаў культуры.

Вадзім Бялятка адзначыў, што кіраўніцтвам раёна надаецца вялікая ўвага ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў культуры. Адно з апошніх набыццяў за сродкі раённага бюджэту – мультымедыйны экран для сцэны раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

– Усе пажаданні і заўвагі, агучаныя на савеце, мы разгледзім і разам з кіраўніцтвам сектара культуры будзем прымаць меры для іх рэалізацыі, –  падвёў вынік ён.

Вадзім Аляксандравіч падзякаваў работнікам і калектывам дадзенай сферы за прафесіяналізм і самаадданую працу, у тым ліку на выбарчых участках у час нядаўняй электаральнай кампаніі. Карыстаючыся выпадкам, павіншаваў жанчын у зале з надыходзячым Міжнародным жаночым днём.

Вадзім Бялятка ўручыў падзячныя лісты старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў работніцам Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Наталлі Салата і Людміле Раманавай.

Ганаровай граматай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама была адзначана кіраўнік народнага фальклорнага калектыву вёскі Погіры Тамара Ступак.

Па выніках работы за 2023 год сярод клубных установаў раёна 1 месца ў Гезгалаўскага, 2 – у Новаяльнянскага, 3 – у Данілавіцкага дамоў культуры. Дыпломы пераможцам і ўзнагароды калегам па выніках работы за год уручыў Васіль Шыцько.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: