Для тых, хто хоча быць следчым

Важнае Грамадства

У сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава прайшла прафарыентацыйная сустрэча старшакласнікаў Дзятлаўшчыны з супрацоўнікамі Следчага камітэта.

Гасцей з упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці прысутным прадставіў намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Дзмітрый Лупач.

 

Аб гісторыі следчых органаў, асаблівасцях работы камітэта, прафесіі следчага і тым, дзе яе можна атрымаць, школьнікам расказаў галоўны інспектар упраўлення кадраў і ідэалагічнай работы ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Кірпля. Ён заўважыў, што менавіта ад работы гэтых спецыялістаў залежыць, ці панясе злачынец справядлівае пакаранне.

Магчымасць атрымаць прафесію следчага дае следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, навучанне там ажыццяўляецца ў вочнай форме па спецыяльнасці “правазнаўства” са спецыялізацыяй “судова-пракурорска-следчая дзейнасць”. Тэрмін навучання складае 4 гады, па заканчэнні навучання выпускнікам прысвойваецца кваліфікацыя “юрыст”. Абітурыенты, якія прайшлі па конкурсе, залічваюцца ў Акадэмію МУС у якасці курсантаў, навучаюцца за кошт сродкаў бюджэту. Яны забяспечваюцца пражываннем, харчаваннем, форменным абмундзіраваннем і грашовым забеспячэннем, памер якога залежыць ад іх поспехаў у вучобе. Па заканчэнні Акадэміі МУС выпускнікі накіроўваюцца для далейшага праходжання службы ў Следчы камітэт і прызначаюцца на пасады следчых з прысваеннем спецыяльнага звання “лейтэнант юстыцыі”.

Выпускнікі Акадэміі МУС не падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу, а перыяд навучання залічваецца ім у выслугу гадоў для наступнага прызначэння пенсіі на падставах, прадугледжаных заканадаўствам для вайскоўцаў і супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый.

Таксама ён растлумачыў, што жадаючыя стаць курсантамі следча-экспертнага факультэта Акадэміі МУС павінны ў тэрмін да 1 красавіка асабіста звярнуцца ў Дзятлаўскі раённы аддзел Следчага камітэта для праходжання субяседвання.

Следчы па асабліва важных справах крыміналістычнага аддзела УСК па Гродзенскай вобласці Іван Папоўскі раскрыў некаторыя сакрэты работы следчага, паказаў магчымасці спецыяльнага абсталявання з перасоўнай крыміналістычнай лабараторыі, прадэманстраваў арсенал розных крыміналістычных чамаданаў, якія выкарыстоўваюцца следчымі пры рабоце на месцах здарэння, як квадракоптар дапамагае адшукваць грамадзян, якія заблукалі ў лесе, фіксаваць абстаноўку на месцах здарэння. Ён паказаў, з дапамогай якога абсталявання і якім чынам следчымі адшукваюцца і адбіраюцца розныя сляды, у тым ліку пальцаў рук, біялагічнага паходжання, расказаў, як па адным толькі паху раскрываюцца злачынствы 30-гадовай даўніны.

– Сярод іншага, галоўным рабочым інструментам крыміналіста застаюцца ручка і камп’ютар, каб падрабязна апісваць працэс расследавання, запытваць допускі і дазволы, неабходныя для расследавання, – падвёў вынік Іван Уладзіміравіч.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga