Пётр Кузьміч Макараў нарадзіўся 22 лютага 1916 года ў вёсцы Крутчанская Байгора Усманскага раёна Ліпецкай вобласці.
З 1930 па 1933 год навучаўся ў школе фабрычна-завадскога вучнёўства, па заканчэнні якой працаваў на вогнеўпорным заводзе майстрам. У 1935 годзе ён паступіў у Багучэрскае педвучылішча Варонежскай вобласці, пасля заканчэння якога быў накіраваны настаўнікам у Новатроіцкую пачатковую школу Петрапаўлаўскага раёна Варонежскай вобласці.
18 верасня 1939 года Пятра Макарава прызвалі на тэрміновую ваенную службу і да лютага 1940 года з’яўляўся курсантам палітшколы ў 150-ым стралковым палку. Затым да чэрвеня 1940 года Пётр Кузьміч быў камандзірам мінамётнага аддзялення 7-гапалка 24-й стралковай дывізіі.
Амаль напачатку Вялікай Айчыннай вайны, 29 жніўня 1941года, Пётр Макараў атрымаў цяжкае раненне ў левую руку і трапіў у варожы палон, з якога яму ўдалося ўцячы ў верасні таго ж года. Ён змог дабрацца да вёскі Масевічы Лідскага раёна.
Пётр Кузьміч пачаў арганізоўваць партызанскі атрад, які ў хуткім часе атрымаў зброю і прыступіў да баявых дзеянняў. Ён асабіста арганізаваў аперацыі па падрыву 9 варожых эшалонаў, у выніку якіх немцы былі пазбаўлены 8 паравозаў, 74 вагонаў з жывой сілай і 116 платформаў з аўтамашынамі, танкамі, артылерыяй і іншымі ваеннымі грузамі.
Брыгада імя Варашылава пад камандаваннем Пятра Макарава да моманту злучэння з часцямі Чырвонай Арміі ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі дабілася добрых вынікаў: спушчана пад адхон 176 варожых эшалонаў, знішчана 458 вагонаў з жывой сілай праціўніка, разбіта 1402 платформы з тэхнікай і рознымі грузамі, забіта 12 408 гітлераўцаў, 214 салдат узята ў палон, разбіта 85 аўтамашын, падарвана 600 чыгуначных рэек, разгромлена 23 гарнізона і паліцэйскіх участкаў праціўніка, знішчана 159 кіламетраў тэлеграфна-тэлефоннай сувязі, падарвана і спалена 48 шашэйных і чыгуначных мастоў.
За заслугі і асабістыя подзвігі, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Пётр Кузьміч Макараў быў узнагароджаны ордэнам Леніна, медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені, ордэнам “Чырвонага сцяга”.
Пасля вайны ён працаваў у Дзятлаўскім раёне, з 1953 па 1961 год быў старшынёй калгаса “1 Мая”.
Памёр 24 сакавіка 1961 года. Яго імя занесена ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Імем Пятра Кузьміча Макарава названа адна з вуліц нашага горада.
Матэрыял прадастаўлены Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#УЛИЦЫ_ГЕРОЕВ_ГРОДНЕНЩИНЫ
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ