Іосіф Юр’евіч Філідовіч нарадзіўся ў 1874 годзе ў вёсцы Шаршні Дзятлаўскага раёна.
У 1941 годзе на тэрыторыі Дзятлаўшчыны пачаў актыўна развівацца партызанскі рух, у якім Іосіфу Філідовічу адвялі ролю сувязнога Ленінскай партызанскай брыгады. З яго дапамогай на востраве сярод балота ў Ліпічанскай пушчы партызаны адкрылі партызанскі шпіталь. У снежні 1942 года Іосіф Юр’евіч коштам свайго жыцця не даў загінуць амаль 500 цяжкапараненым партызанам. Ратуючы шпіталь, ён паўтарыў подзвіг вядомага рускага патрыёта XVII стагоддзя Івана Сусаніна.
….Падзеі разгарнуліся восенню 1942 года. Гэта быў змрочны і цяжкі час. Фашысты палілі вёскі, вешалі і расстрэльвалі людзей. У раёне актыўна разгортваўся партызанскі рух. Народныя мсціўцы разграмілі варожыя гарнізоны ў Дзярэчыне, Казлоўшчыне, Накрышках, Жалудку і іншых буйных населеных пунктах. Немцы мелі намер знішчыць у Ліпічанскай пушчы ўсе партызанскія фарміраванні.
Партызаны ж вялі жорсткія баі, супраціўляліся. Параненых станавілася ўсё больш. Камандзіры атрадаў пачалі шукаць выйсце і вырашылі арганізаваць стацыянарны партызанскі шпіталь. Неабходна было тэрмінова адшукаць для гэтага надзейнае месца. Пушча вялікая, але знайсці сховішча аказалася не так проста.
На дапамогу партызанам прыйшоў сувязны з вёскі Пушча Ліпічанская Іосіф Філідовіч, які ведаў адзін востраў сярод непраходнага балота. Фашысты туды не змогуць дабрацца. На востраве абсталявалі шпіталь: выкапалі зямлянкі, пабудавалі пякарню, лазню, склады. Усе аб’екты былі ў выглядзе пячор, каб нельга было заўважыць з самалёта. Праз некалькі дзён партызанскі шпіталь пачаў дзейнічаць. На востраў паступіла каля пяцідзесяці параненых. Іосіф Юр’евіч, яго сын Іван або ўнук Фёдар прывозілі пацярпелых па вядомай толькі ім адным сцежцы праз балота. Ва ўмоўленым месцы іх чакалі санітары. Сцежку пільна засыпалі хвояй, загадзя прыбраўшы кладкі.
У снежні 1942 года пачалася першая блакада Ліпічанскай пушчы. Фашысцкія самалёты бязлітасна бамбілі партызанскую зону. Карнікі, прачэсваючы лясныя масівы, спадзяваліся на лёгкую здабычу, але не ўлічылі самую “дробязь” – баявыя і маральныя якасці народных мсціўцаў, а таксама асаблівасць мясцовасці.
Партызаны смела адбівалі атакі ворага. Акружыць і захапіць народных мсціўцаў акупантам так і не ўдалося. Але ў шпіталі заставаліся некалькі дзесяткаў хворых і параненых. Што рабіць з імі? Камбрыг загадаў лёгкапараненых адправіць у атрады, а астатнім захоўваць строгую дысцыпліну, нічым сябе не выдаваць. Так і зрабілі. Размаўлялі толькі шэптам, ежу часова не гатавалі, карысталіся сухім пайком. Адчуваючы небяспеку, Іосіф Філідовіч адправіў старэйшага сына Івана і ўнука Леаніда за Нёман. Два малодшыя сыны Канстанцін і Мікалай пайшлі ў сорак першым на фронт і прапалі без вестак. На хутары засталіся дзед, нявестка і дванаццацігадовы ўнук Федзя, якія наглядалі за хворымі.
Карнікі лютавалі ў наваколлі. На хутары Іосіфа Філідовіча чуліся выбухі, калі фашысты бамбілі пераправы на Нёмане і Шчары.
Моцны стук ботаў у дзверы прымусіў здрыгануцца Іосіфа Юр’евіча. Фашысты ўварваліся ў хату. Хутар акружылі каля паўсотні карнікаў, больш за трохсот накіраваліся да бліжэйшых хутароў. Усіх траіх – старога, жанчыну і хлопчыка – выгналі з хаты. Афіцэр загадаў паставіць іх да сцяны. Так і стаялі некалькі хвілін. Было зразумела: Філідовічаў нехта выдаў.
– Выбірай, стары: або ты пакажаш, дзе шпіталь, або ім смерць, – сказаў перакладчык.
Філідовіч маўчаў. Тады фашысты накіравалі аўтаматы на нявестку і ўнука. Фёдара моцна білі.Затым узялі пятлю, накінулі на шыю і, сагнуўшы бярэзіну, канец вяроўкі прывязалі да верхавіны. Зноў білі. І так некалькі разоў імітавалі павешанне. І ўсё гэта на вачах у дзеда.
– З-за цябе, бальшавіцкая сволач, забіваем хлапчука, – сказаў старому перакладчык. – Ратуй, пакуль не позна.
– Адпусціце яго, – ціха сказаў Іосіф Юр’евіч. – Яны ж нічога не ведаюць. Я правяду вас у шпіталь.
Акінуўшы развітальным позіркам хату, Іосіф Філідовіч адправіўся разам з атрадам карнікаў (а было іх каля 300 чалавек) у лес.Ішоў не спяшаючыся, цвёрда і ўпэўнена, як ідуць сапраўдныя людзі па сваёй роднай зямлі. Праз некалькі гадзін афіцэр занепакоіўся.І калі перакладчык зноў спытаў пра шпіталь, Іосіф Юр’евіч, цяжка пераводзячы дыханне, спакойна, быццам нічога не здарылася, стрымана адказаў: “Ужо зусім блізка, трохі засталося ісці. Толькі падымемся вунь на той пагорак”.
Неўзабаве некалькі фашыстаў-коннікаў падаліся наперад, думаючы, напэўна, самі разведаць дарогу. Але Іосіф Юр’евіч ужо паспеў звярнуць на ўчастак, дзе пачыналася самая страшная, небяспечная дрыгва. Коні, не прайшоўшы і сарака метраў, пачалі правальвацца ў багну.
– Стой! – закрычаў на ўсё горла азвярэлы афіцэр і падбег ушчыльную да Філідовіча. – Дзе шпіталь, кажы!
Размахнуўшыся, ён што было сілы ўдарыў правадніка па твары. У вачах на імгненне пацямнела, пасыпаліся іскры, але разуменне было яснае. Філідовіч утрымаўся на нагах.
– У шпіталь дарогі няма …, – скажаў нарэшце Філідовіч.
Грымнулі стрэлы. Ён не дагаварыў.
Пачало цямнець. Карны атрад доўга блукаў, усё глыбей і глыбей заходзячы ў лясны гушчар. Коні і фашысцкія падводы з мінамётамі пачалі правальвацца ў балота. Гітлераўцы зразумелі: Філідовіч прывёў іх сюды на немінучую смерць.
Слаўнага партызанскага сувязнога больш ніхто не бачыў жывога.Вясной 1943 года, калі сышоў снег, цела Іосіфа Юр’евіча знайшлі партызаны. Ён ляжаў у лясных нетрах за дзесяць кіламетраў у супрацьлеглым баку ад шпіталя. У патыліцы – дзве агнястрэльныя раны. Героя пахавалі з усімі воінскімі ўшанаваннямі. Пасмяротна ён быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Ліпічанскі Сусанін коштам свайго жыцця выратаваў дзясяткі параненых партызан, медыкаў, абслугоўваючы персанал. Шпіталь дзейнічаў да ліпеня 1944 года, да самага прыходу Савецкай Арміі. Праз яго прайшло каля пяцісот цяжка параненых партызан.
У памяць аб подзвігу Іосіфа Філідовіча ў райцэнтры ў 1982 годзе пастаўлены помнік, на пастаменце якога словы: “Іосіф Юр’евіч Філідовіч, жыхар вёскі Пушча Ліпічанская. У снежні 1942 года, ратуючы партызанскі шпіталь, паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна”.
Імя Іосіфа Філідовіча занесена ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Яго імем названа адна з вуліц горада.
Матэрыял прадастаўлены Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ
#УЛИЦЫ_ГЕРОЕВ_ГРОДНЕНЩИНЫ