Няма стажу – служба занятасці дапаможа

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Як рэалізуецца Дзяржаўная праграма “Набыццё вопыту практычнай работы па атрыманай прафесіі (спецыяльнасці)”.

Слова спецыяліста

Намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Ірына Баравік:

– Падобная дзяржаўная падтрымка выгадная як для работніка, які набывае працоўны вопыт, так і для наймальніка. Згодна з праграмай на працягу 2–6 месяцаў наймальнік забяспечвае ўсе ўмовы, каб малады супрацоўнік набыў неабходныя прафесійныя кампетэнцыі. Пры гэтым упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама кампенсуе затраты на выплату заработнай платы ў памеры, які не перавышае мінімальную.

Мэта праграмы

Спрыяе атрыманню прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў практычнай работы па прафесіі ці спецыяльнасці і павышэнню канкурэнтаздольнасці работніка на рынку працы, пашырэнню магчымасцяў працаўладкавання.

Хто мае права на падтрымку

Беспрацоўныя, зарэгістраваныя ў аддзеле па працы і занятасці, з ліку выпускнікоў установаў адукацыі, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю;

асобаў, якія прайшлі прафесійную падрыхтоўку або перападрыхтоўку па накіраванні службы занятасці; якія доўгі час, больш за 12 месяцаў, не працавалі ў сувязі з доглядам дзіцяці да 3 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама дзіцяці ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванага вірусам імунадэфіцыту чалавека або хворым на СНІД.

Прыклад з жыцця

– Яшчэ летам гэтага года да нас паступіла вакансія юрыста ад сельскагаспадарчага прадпрыемства, – расказала Ірына Баравік. – Наймальніку не давялося доўга чакаць, бо якраз у аддзел па працы і занятасці звярнулася маладая дзяўчына, якая скончыла каледж бізнесу і права па спецыяльнасці “правазнаўства”. Паколькі вучылася яна на платнай аснове, размеркавання пасля заканчэння не было. Дапамогу вырашыла шукаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама і не памылілася. Мы зарэгістравалі маладога спецыяліста ў якасці беспрацоўнай, расказалі аб магчымасці працаўладкавання для набыцця вопыту практычнай работы па атрыманай спецыяльнасці, якую якраз і маюць выпускнікі ўстановаў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Умовы працаўладкавання

Аддзел па працы і занятасці праводзіць перагаворы з наймальнікамі, якія заявілі аб вакансіях, прыдатных для працаўладкавання такіх катэгорый грамадзян. Пры згодзе наймальніка орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне накіроўвае для працаўладкавання беспрацоўных, прафесійныя якасці якіх адпавядаюць яго патрабаванням.

Працаўладкаванне беспрацоўных для набыцця вопыту практычнай работы па атрыманай прафесіі (спецыяльнасці) можа ажыццяўляцца ў арганізацыях незалежна ад формаў уласнасці, за выключэннем арганізацый, дзейнасць якіх фінансуецца за кошт бюджэтных сродкаў, і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga