Святы не за гарамі, таму дзятлаўчане актывізаваліся: усё часцей наведваюць магазіны, спяшаюцца загадзя набыць “класічны” набор прадуктаў да навагодняга і каляднага сталоў, не прамінаюць і салодкія падарункі, каб парадаваць дзяцей і ўнукаў.
У гандлёвых аб’ектах светла, утульна, прыгожа, іх работнікі стварылі цэлыя тэматычныя зоны, дзе ёсць упрыгожаныя ёлачкі, цацкі, мішура – атрымаліся адметныя фотазоны. А ўсё для таго, каб падарыць кліентам зарад станоўчых эмоцый і святочны настрой. Паліцы таксама запоўнены таварамі на любы густ, выбар іх багаты. А што з якасцю?
Адказ на гэта пытанне мы высвятлялі разам са спецыялістамі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
На перадсвяточны агляд у магазін “Родны Кут”, што на плошчы 17 Верасня райцэнтра, накіраваліся разам з памочнікамі доктара-гігіеніста санітарна-эпідэміялагічнага аддзела рай ЦГЭ Аксанай Луня і Аксанай Радзіеўскай.
Пакуль праходзілі па гандлёвай зале, спецыялісты паспелі спыніцца амаль каля кожнай паліцы і халадзільных установак. Асаблівую ўвагу надалі дзіцячаму харчаванню, аднак па ім – ні адной заўвагі. Агледзелі цукеркі, торты і пірожаныя, малочную і замарожаную мясную прадукцыю, садавіну і агародніну.
Напрыканцы свой каментарый наконт праверкі дала Аксана Луня:
– Перад навагоднімі і каляднымі святамі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы па праверцы перадсвяточнага гандлю. Учора былі ў магазіне “Дабраном”, сёння наведалі “Родны Кут”, зойдзем яшчэ і ў “Капеечку”. Увогуле плануем у гэты перыяд пабываць ва ўсіх магазінах горада Дзятлава.
Больш увагі ў час праверак звяртаем, вядома ж, на навагоднія падарункі, аднак паспяваем праверыць і іншую прадукцыю, як тую, што хутка псуецца, так і тую, што захоўваецца доўга. Пакуль сур’ёзных праблем не сустракалі, усе заўвагі былі такімі, якія работнікі магазінаў паспяваюць ухіліць даволі аператыўна. Лічу, што пакупнікі могуць спакойна і з задавальненнем набываць прадукты да навагодняга стала і падарункі для блізкіх і сяброў, запасацца добрым настроем.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga