Колькі шлюбаў было зарэгістравана ў 2016 годзе? Колькі нарадзілася дзетак? Якія імёны найчасцей ім давалі? На гэтыя і іншыя пытанні адказала начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Бародзіч.

— Ці шмат пар у Дзятлаўскім раёне ў 2016 годзе захацелі афіцыйна аформіць свае адносіны?

— Усяго летась пабраліся шлюбам 133 пары, з іх большасць, 102, – у аддзеле ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама. У сельскай мясцовасці найбольш зарэгістраваных актавых запісаў па шлюбах у Жукоўшчынскім, 12, і Казлоўшчынскім, 8, сельвыканкамах.

— Цікава, а кахаць здольныя ў любым узросце?

— Сярэдні ўзрост нявестаў – 26 гадоў, а жаніхоў – 29. Летась самай маладой нявесце яшчэ не споўнілася 18 гадоў, а двум жаніхам і двум нявестам было больш за 60.

— Вольга Вацлаваўна, мяркую, многім будзе цікава, колькі ж дзетак нарадзілася ў мінулым годзе?

— У раёне зарэгістравана нараджэнне 222 немаўлят. З іх 121 хлопчык і 101 дзяўчынка.

— Ці былі двойні, тройні?

— Тройняў у мінулым годзе не нарадзілася, а вось двайное шчасце з’явілася ў адной сям’і.

— Пэўна, найбольш першынцаў?

— Не, найбольш дзетак нарадзіліся другімі ў сям’і – 91, першынцаў было 79. А вось у шасці сем’ях нарадзілася нават па пятым дзіцяці.

— Цікава, а бацькі – усе беларусы?

— Трое татаў былі з Латвіі, Расіі і Украіны, а вось матуляў-іншаземак – 7: адна грузінка, дзве расіянкі і тры ўкраінкі.

— У якім узросце найчасцей станавіліся бацькамі?

— Калі падлічыць сярэдні ўзрост, то для матуляў гэта – 27 гадоў, а для татаў – 30. Самай маладой маме было менш за 18 гадоў, а самаму маладому тату – 18.

— Пэўна ж, бацькамі станавіліся і людзі больш сталага ўзросту?

— Так, сем жанчын сталі матулямі пасля 40 гадоў, а двум татам было больш за 50.

— Цікава, як часцей за ўсё называлі дзетак у 2016 годзе?

— Самымі папулярнымі імёнамі для дзяўчынак сталі Дар’я, Валерыя, Ксенія, а для хлопчыкаў – Максім, Арцём, Аляксандр.

— А ці выбіралі бацькі для сваіх немаўлятак якія-небудзь рэдкія імёны?

— Толькі па адным разе ў 2016 годзе дзяўчынак называлі Агнэшка, Варвара, Ева, Кіра, Эльвіра, Яна, а хлопчыкаў – Артур, Уладзімір, Даніла, Міраслаў, Назар, Алег.

— Што пажадаеце і маладажонам, і бацькам у 2017 годзе?

— Захоўваць сямейнае цяпло, любіць адзін аднаго, дарыць пяшчоту. І няхай дзеткі радуюць бацькоў, растуць здаровымі і разумнымі.

Гутарыла С. ГРЫШЫНА

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Водные игры небезопасны
Прыём грамадзян

Прыём грамадзян

10 июля, 2026
Дэпутацкія клопаты. Андрэй Жамойда правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации