15 жніўня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адзначылі парафіяльнае свята.
У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, сельгаспрадпрыемстваў раёна, дзятлаўчане, якія прыйшлі ў храм, каб асвяціць снапы, садавіну, агародніну.
Госці ўрачыстасці прайшлі калонай у суправаджэнні новаяльнянскага аркестра да касцёла. Ксяндза-біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, які прыехаў на Дзятлаўшчыну для ўдзелу ва ўрачыстасці, прывіталі хлебам-соллю, кветкамі і салодкім падарункам. Хор “Ветэраны ў страі” сустрэў гасцей свята песняй “Багародзіца”.
На пачатку святочнай імшы ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула павітаў усіх прысутных, падзякаваў сваім прыхаджанам за актыўнасць і іх шчырыя сэрцы.
Да парафіян звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч, заклікаўшы разам памаліцца і падзякаваць Пану Богу за новы ўраджай:
– Згодна з традыцыяй, сёння мы прыносім у касцёл букеты найпрыгажэйшых кветак, першыя плады, лекавыя травы і каласы. Такім чынам мы сімвалічна дзякуем Пану Богу за прывілей унебаўзяцця, які ён удзяліў Найсвяцейшай Маці. Таксама сёння мы дзякуем Пану Богу за блаславенне, якім ён адарыў людзей, якія працуюць на палях, за дар добрага надвор’я, за ўрадлівую глебу, за новы ўраджай пладоў і збожжа. Нам трэба пастаянна памятаць, што Пан Бог адзіны, хто дае ўсялякае дабро. Марныя і бясплённыя намаганні чалавека, калі яму не спадарожнічае Божае блаславенне і ласка. Бог заўсёды дапамагае тым, хто ў яго верыць і ўскладае надзею.
Святары і вернікі ўзнеслі малітвы, выказалі падзяку Хрысту і Маці Божай.
Крыж, букет кветак, хлеб, ружанец, сноп з сёлетняга ўраджаю – усё гэта стала дарамі, якія вернікі касцёла прынеслі для Ісуса Хрыста і Яго Найсвяцейшай Маці ў знак удзячнасці.
Напрыканцы службы вернікі касцёла асвяцілі кветкі, садавіну і агародніну. Прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна асвяцілі снапы з каласоў новага ўраджаю. Завяршылася свята хрэсным ходам вакол касцёла і канцэртам хора “Ветэраны ў страі”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga