XXXII Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” сёлета падрыхтаваў для гасцей больш за 200 мерапрыемстваў і аб’яднаў на беларускай зямлі прадстаўнікоў 35 краін.

Магчымасцю прадставіць турыстычны патэнцыял нашага раёна на такім шырокамаштабным форуме скарысталіся галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка і намеснік дырэктара фізкультурна-спартыўнага клуба Дзінара Харошка.

– На фестываль “Славянскі базар у Віцебску” ў саставе дэлегацыі Прынёманскага краю мы трапілі па запрашэнні ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, – расказала Наталля Яўгеньеўна. – Такая прапанова паступіла, паколькі на Дзятлаўшчыне хуткімі тэмпамі развіваецца турызм, асабліва яго актыўныя віды, такія як сплавы на байдарках.

Нягледзячы на тое, што “Славянскі базар” – гэта пераважна культурнае мерапрыемства, турыстычным патэнцыялам цікавілася даволі шмат людзей. Наша пляцоўка не пуставала, тым больш што мы выкарыстоўвалі актыўныя формы работы: распрацавалі новыя крыжаванкі, адна з якіх была прысвечана менавіта сплавам.

Сярод цікавых гасцей, якія да нас наведаліся, была дэлегацыя ўрада Рэспублікі Комі на чале з намеснікам старшыні Галінай Габушавай. Прынёманскі рэгіён для іх вядомы, бо паміж Гродзенскай вобласцю і Рэспублікай Комі падпісана пагадненне аб узаемадзеянні, аднак наведвальнікам было цікава пазнаёміцца яшчэ і з Дзятлаўшчынай. Госці з задавальненнем даведаліся пра нашы праекты, узялі з сабой пакет паліграфічнай прадукцыі, разгадалі крыжаванку.

На фестывалі сустрэлі і землякоў з вёскі Явар, якія цяпер жывуць на Віцебшчыне. Яны былі прыемна здзіўлены, што на малой радзіме такімі тэмпамі пачаў развівацца турызм і распрацавана столькі цікавых формаў і паслугаў.

Падходзіла шмат расіян, як прадстаўнікоў арганізацый, так і звычайных людзей, якія ўжо падарожнічалі па Гродзеншчыне і загадзя планавалі для сябе прывабныя маршруты на наступны год. Іх таксама зацікавіла Дзятлаўшчына, асаблівым попытам карысталіся чэк-лісты, якія мы распрацавалі з улікам варыятыўнага падыходу да адпачынку, дзе кожны турыст можа выбраць для сябе прывабныя турыстычныя паслугі з улікам уласных запытаў – ад колькасці вольнага часу да актыўных ці пазнавальных формаў турызму і іншых акалічнасцяў.

Сустрэлі і пастаянных адпачывальнікаў санаторыя “Радон”. Іх вельмі парадавала, што, акрамя Жыровічаў і Мірскага замка, якія прапаноўвае сам санаторый, на Дзятлаўшчыне багата аб’ектаў для наведвання, у тым ліку з атэставаным экскурсаводам, з’явілася магчымасць больш даведацца пра гісторыю краю, дзе знаходзішся на аздараўленні.

Цікавіліся нашым куточкам і госці з Літвы, Латвіі, а жанчына, якая большую палову жыцця пражыла ў Германіі і цяпер вярнулася ў Беларусь да сваіх каранёў, асабліва адзначыла нашы патрыятычныя формы работы, падкрэсліла, што вельмі важна мець маршруты, якія даюць магчымасць памятаць і пакідаць гэту памяць у свядомасці моладзі, перадаваць яе з пакалення ў пакаленне. Найбольш яе зацікавіў народны музей “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы і веламаршрут па Ліпічанскай пушчы.

Экскурсавода з Латвіі, якая возіць турыстычныя групы па цікавых мясцінах, прывабілі нашы сплавы на байдарках. Дарэчы, усім гасцям нашай выставы мы прапаноўвалі паліграфічную прадукцыю, дзяліліся кантактамі. Варта адзначыць, што турыстычная пляцоўка мела поспех на фестывалі, і трывала адчуваецца, што ўнутраны турызм у Беларусі набывае ўсё большую папулярнасць, аб чым сведчыць зваротная сувязь з наведвальнікамі: ім гэта цікава, прывабна, даспадобы, яны гэтым з задавальненнем карыстаюцца.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Наталляй КАЛОДКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации