Як выжыць самім і выратаваць пацярпелых

Важнае Грамадства

На стадыёне “Колас” у Дзятлаве прайшоў штогадовы агляд-конкурс добраахвотных пажарных і санітарных дружын Дзятлаўшчыны.

Яго ўдзельнікамі сталі 10 каманд сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый раёна. На працягу года каманды рыхтаваліся да іспытаў, удасканальвалі свае веды, адточвалі навыкі, выпраўлялі мінулагоднія недахопы, каб сёлета паказаць лепшы вынік.

Рэгламент і ўмовы конкурсу, парадак праходжання абноўленых этапаў спаборніцтваў удзельнікам патлумачыў першы намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Уладзімір Бялятка. Жараб’ёўка вызначыла парадак выступлення, і дружыны адправіліся на старт.

Санітарныя дружыны ў гэтым годзе працавалі “па класіцы”: на пачатку – праверка ўкамплектаванасці медыцынскіх сумак і аснашчэння, дзе павінна быць усё неабходнае для выратавання жыцця чалавека: ад шпільки і лыжкі да пераліку неабходных лекаў і процівагазаў. Пасля каманды “Газы!” сандружынніцы павінны былі хутка надзець процівагазы на сябровак па камандзе, якія па ўмовах задання маглі знаходзіцца ў прытомнасці або не.

У ядзерным ачагу ўлічвалася экіпіраванасць і надзейнасць тэарэтычных ведаў канкурсантак, аднак даводзілася часам прымяняць і практычныя навыкі. Таксама канкурсанткі атрымалі майстар-клас па накладванні павязкі Дэзо і ажыццяўленні рэанімацыі ад куратара пляцоўкі.

На наступным этапе сандружынніцы прадэманстравалі веды і навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі ў шпітальным аддзяленні, атрымалі парады ад спецыялістаў. Як і заўжды, не абышлося без маніпуляцый з насілкамі, накладвання шыны, павязкі і прамывання страўніка.

На заключным этапе пад кантролем вопытных дактароў-інфекцыяністаў канкурсанткі не толькі прадэманстравалі веданне інфекцыйных захворванняў і лячэння іх, але і зрабілі забор пробаў вады, глебы для даследавання.

У спякотны дзень усіх удзельнікаў спаборніцтваў забяспечвала вадой  раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа.

З-за перамены месца дыслакацыі ў гэтым годзе спаборніцтвы пажарных фарміраванняў нязначна змянілі фармат. У іх увайшлі баявое разгортванне ад мотапомпы, пераадоленне стометровай паласы перашкодаў і пажарная эстафета. На гэтых этапах самадзейным пажарным спатрэбіліся хуткасць, спрыт, камандны дух і, вядома, веданне правілаў пажарнай бяспекі і алгарытму выратавання пацярпелых.

На цырымоніі ўзнагароджання Сярод пажарных падраздзяленняў сёлета ў эстафеце лепшымі былі ўдзельнікі пажарнай дружыны ААТ “Граніт-Агра”, яны ж сталі лепшымі на паласе перашкодаў. У баявым разгортванні ад мотапомпы найлепш паказалі сябе прадстаўнікі Дварэцкага льнозавода.

Па выніках усіх этапаў пераможцай стала пажарная дружына ААТ “Граніт-Агра”, віцэ-чэмпіён – каманда КСУП “Войневічы”, бронзавы прызёр – зборная Дварэцкага льнозавода. Пераможцы адзначаны Граматамі раённага выканаўчага камітэта і грашовымі прэміямі ад Дзятлаўскага добраахвотнага пажарнага таварыства. Раённыя ўзнагароды камандам уручыў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік. Ён пажадаў, каб веды і навыкі, замацаваныя ў час конкурсу, ім ніколі не даводзілася прымяняць на практыцы.

У спаборніцтвах санітарных дружын сёлета лепшай названа сандружына КСУП “Войневічы”, якую рыхтавала фельчар Войневіцкага ФАПа Іна Рукан. На другім месцы замацавалася каманда ААТ “Граніт-Агра” (трэнер – фельчар Таркачоўскага фельчарска-акушэрскага пункта Раіса Альшэўская). Трэцімі сталі сандружынніцы КСУП “Хвінявічы”. Іх падрыхтоўкай да конкурсу займалася фельчар Парэцкай амбулаторыі Тэрэза Плошчанка.

Уладальнікі прызавых месцаў, акрамя дыпломаў, атрымалі грашовыя прэміі, каманда КСУП “Жукоўшчына” была адзначана суцяшальным прызам за камандную работу.  Прызы ўручыў галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Алег Анцух.

Пераможцы сярод санітарных і пажарных дружын Дзятлаўшчыны прадставяць наш раён на абласных спаборніцтвах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga