На абласным сельскагаспадарчым свяце «Дажынкі-2016» у Воранаве сёлета сустрэліся госці з усіх куткоў Гродзеншчыны, і кожны тут знайшоў для сябе шмат цікавага. Напрыклад, моладзь нашай вобласці актыўна ўдзельнічала ў спартыўных конкурсах. Цікавай і вясёлай была «Сельская эстафета «Церамок», якую для працаўнікоў вёскі ладзілі абласны камітэт ГА «БРСМ», упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама, Воранаўскі райвыканкам.
Сярод камандаў-удзельніц была зборная Дзятлаўскага раёна. Маладым спартсменам прапанавалі шэраг забаўляльных конкурсаў. Пачалася эстафета з аднайменнага конкурсу «Церамок». У адпаведнасці з сюжэтам вядомай казкі, на старт выйшлі па 6 спартсменаў ад кожнай каманды, пераапранутыя ў Мышак, Жабак, Зайкаў, Лісак, Ваўчкоў і Мядзведзяў. Яны на хуткасць «засялялі» церамкі-абручы і напрыканцы прыбеглі з ім на фініш.
Конкурсы «Аграрны баскетбол», «Боўлінг», «Снайпер» патрабавалі трапнасці. У першым удзельнікі павінны былі закінуць як мага больш бульбін у вядро, у другім — галоўкай капусты збіваць пластыкавыя бутэлькі з зернем, у трэцім — «страляць» дроцікамі па яблыках. «Баі падушкамі» ладзіліся для самых смелых. Выпрабаваннямі на моц і трываласць сталі конкурсы «Камячкі» і «Асілак». Нягледзячы на тое, што слова «камячкі» выклікае асацыяцыю з чым-небудзь невялікім, іх ролю ў конкурсе выконвалі шматкілаграмовыя круглыя цюкі саломы, якія на хуткасць трэба было дакаціць да фінішу. Дарэчы, нашаму Вадзіму Ермаловічу першаму ўдалося гэта зрабіць. Вясковым «асілкам» дасталася звыклая для работнікаў сельскай гаспадаркі ноша — кожнаму па мяху бульбы на плечы, якія таксама неабходна было даставіць на фініш. Да слёз насмяшыў балельшчыкаў конкурс «Беларускія пінгвіны», удзельнікі якога павінны былі перанесці качан капусты, заціснуўшы яго паміж ног. Данесці яйкі на лыжках і не згубіць іх моладзь старалася ў час конкурсу «Спрытнюга». У конкурсе «Недзіцячы апетыт» прапанавалі паўдзельнічаць самым галодным спартсменам, бо неабходна было за дзве хвіліны з’есці максімальную колькасць сасісак. Добры настрой гледачам і балельшчыкам падарылі «Сельскія аркестры», якія выконвалі хіты эстрады, «узброіўшыся» дапаможнымі рэчамі.
Выстава-конкурс «Багаты ўраджай» паказала, наколькі ў моладзі развіты фантазія, мастацкі густ, пачуццё гумару. Кожная з камандаў-удзельніц стварала кампазіцыі і фігуры з садавіны і агародніны, журы заставалася ацаніць работы моладзі.
Па выніках «Сельскай эстафеты «Церамок» зборная моладзевая каманда Дзятлаўскага раёна заняла трэцяе месца, за што была ўзнагароджана дыпломам, медалямі і прызам.
К. ХІЛІМОНЧЫК,
першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА «БРСМ»