Пад такой назвай 30 снежня ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці праходзіць яркая юбілейная праграма ўзорнага тэатра гульні роставых лялек “Лялькі для ўсіх”.
Праз незабыўнае маштабнае шоу артысты тэатра запрасілі дзяцей і іх бацькоў не толькі адзначыць 10-годдзе творчай дзейнасці, але і акунуцца ў атмасферу казкі, гульні, навагодняга настрою і спаўнення жаданняў.
Вось ужо 10 гадоў запар юныя артысты і іх мастацкія кіраўнікі Іван Каско і Аксана Кашляк радуюць сваіх гледачоў цікавымі ідэямі, талентамі, нестандартнымі формамі ўзаемадзеяння з аўдыторыяй, вясёлымі танцамі і флэш-мобамі. Без яркіх, харызматычных казачных і мультыплікацыйных герояў “у поўны рост” не абыходзіцца амаль не адно раённае мерапрыемства, шырока яны вядомы гледачам і за межамі Дзятлаўшчыны.
Іван Іванавіч, Аксана Уладзіміраўна і маладыя артысты пастараліся, каб і іх юбілейнае выступленне стала адметным і запамінальным.
Спачатку запрасілі сваіх гасцей у “Месца, дзе казка сустракаецца з рэальнасцю” і расказалі, як з’явіўся тэатр, затым для гледачоў прайшло вялікае дэфіле больш за 40-ка роставых лялек. Прадоўжыла выступленне навагодняя гульнявая праграма “Вясёлкавая вечарынка з зайчаняткам Ляляй” і навагодняе паралонавае БУМ-шоу.
Прыемныя віншаванні, найлепшыя пажаданні і падзяка за супрацоўніцтва і шэфства над асаблівымі людзьмі прагучалі на адрас Івана Каско і артыстаў тэатральнай студыі ад Алены Калюцік – загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
Для раённай газеты Іван Каско расказаў, як з’явіўся ўзорны тэатр гульні “Лялькі для ўсіх” і ў чым яго адметнасці:
– Роўна 10 гадоў таму, 30 снежня 2012 года, на сцэну са сваім першым прадстаўленнем выйшлі роставыя лялькі Дзятлаўскага раённага дома культуры. Прэм’ерай быў гульнявы спектакль “Круглы Новы год, або Новы год са Смяшарыкамі”. Атрымалася весела і крэатыўна. І пайшло-паехала: гастролі па раёне, вобласці, рэспубліцы. За дзесяцігоддзе нашы лялькі атрымалі і міжнароднае прызнанне: запрашэнні прыходзілі з Масквы для ўдзелу ў навагоднім шоу на цэнтральным стадыёне горада, былі таксама з ААЭ, Еўропы, запрашаюць і ў Турцыю. На жаль, даводзіцца абмяжоўвацца толькі выступленнямі на Гродзенскім стадыёне, амаль усіх абласных мерапрыемствах, «Славянскім базары» ў Віцебску, Дні вышыванкі ў Мінску, іншых мерапрыемствах. Дзякуючы падтрымцы Андрэя Уладзіміравіча Садоўскага, удалося адрамантаваць і пашыць 20 новых роставых лялек, амаль усе яны ўдзельнічалі ў юбілейным дэфіле. Ствараем новых герояў сваімі рукамі разам з Аксанай Кашляк, дапамагаюць Наталля Бузук, Таццяна Шостка, Алена Касцюк, Таццяна Жалязоўская.
Нашы лялькі – гэта касцюмы, у сярэдзіне якіх знаходзяцца аніматары. У адрозненні ад касцюма вядучага яны больш аб’ёмныя і рэалістычныя, хоць менш рухомая. Самастойна весці праграму лялька не можа, але ва ўзаемадзеянні з касцюмаваным персанажам стварае яркі эфект і служыць “вішанькай на торце”. Роставыя лялькі заўсёды ў цэнтры падзей: абдымаюць дзятву, весяляцца з гледачамі, танцуюць, удзельнічаюць у гульнях, ствараюць добры настрой. Выступаць могуць не толькі ў дзіцячым кафэ, школе, садку, на вуліцы, але і дома. Іх любяць нават дарослыя: размаўляючы з вялікімі цацкамі, людзі нібыта зноў вяртаюцца ў дзяцінства. Казачныя героі могуць аздобіць гарадскія мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы, служаць эфектыўным інструментам рэкламы на акцыях, пры адкрыцці гандлёвых памяшканняў, раздачы буклетаў, сустрэчах гасцей, з імі з задавальненнем фатаграфуюцца гледачы. У нас больш за 50 роставых лялек, яшчэ 17 раздадзены па сельскіх дамах культуры. Сёння можна з упэўненасцю казаць, што ў нашым тэатры больш за 70 роставых герояў. Мы поўныя планаў і задумак: на пачатку 2023 года мяркуем стварыць сядзібу Бульба Ёсціка, ідэю падтрымала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова.
Яшчэ больш святочнага настрою падарылі тэматычная вечарынка роставых лялек “Instagram Дзеда Мароза” і дзіцячая канцэртная праграма “Super дзеці”. Вядома ж не абышлося без “кароннага” нумара, вельмі папулярнага ў дзятвы ўсіх узростаў – фенсі-баблс “Вясёлыя мыльныя бурбалкі”.
У краіну казкі і цудадзействаў разам з з больш чым 20 роставымі лялькамі-героямі і Міланай Хаметавай трапілі гледачы навагодняга тэатралізаванага прадстаўлення “Прарочы сон Мядзведзя: Сонік ратуе баль”.
Даспадобы прыйшліся дзецям і вечарынкі “Навагодняя папяровая” і “У стылі TikТоk”, якімі завяршыўся вялікі юбілейны дзень з вялікімі лялькамі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga