1 снежня абнавілі базу не занятых у эканоміцы. На Дзятлаўшчыне іх цяпер 1247 чалавек.

З якога моманту грамадзянін становіцца незанятым? На наступны дзень пасля звальнення?

Людзі, якім увогуле неўласціва і некамфортна, калі раптам застаюцца без работы, перажываюць, ці не фігурыруе іх прозвішча ў базе.

Як патлумачылі ў раённай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, грамадзянін прызнаецца не занятым у эканоміцы і трапляе ў базу, калі быў звольнены з ранейшай пасады, але яшчэ не знайшоў сябе ў новай справе на працягу бліжэйшага квартала, наступнага за тым, у якім адбылося звальненне. Напрыклад, калі ён звольніўся ў кастрычніку, то да 1 красавіка можна шукаць працу. А калі працоўнае месца страчана ў сувязі са скарачэннем колькасці штату або ліквідацыяй арганізацыі, то на пошук новага даецца і зусім паўгода.

Як атрымаць даныя аб сабе?

Праверыць наяўнасць уласнага імя ў спісе не занятых у эканоміцы можна двума спосабамі.

Першы. На Адзіным партале электронных паслуг можна анлайн атрымаць інфармацыю аб унясенні грамадзяніна ў спіс не занятых у эканоміцы. Аднак для таго, каб скарыстацца такой паслугай, трэба мець электронны лічбавы подпіс або ўнікальны ідэнтыфікатар (лагін і пароль). Атрымаць электронны лічбавы подпіс можна ў рэспубліканскім цэнтры “ГосСУОК”, а ўнікальны ідэнтыфікатар – у службе “адно акно”. Звяртацца ў гэтыя арганізацыі трэба абавязкова з дакументам, які сведчыць асобу (пашпартам).

Другі. Таксама можна атрымаць інфармацыю па тэлефоне або ў пісьмовым выглядзе, уключаючы электронную пошту. Для гэтага трэба звярнуцца ў камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва па месцы рэгістрацыі.

Што трэба, каб пацвердзіць занятасць

З сакавіка 2022 года грамадзяне, якія працуюць або вучацца за мяжой (за выключэннем асобаў, якія з’ехалі ў краіны ЕАЭС (Арменія, Расія, Казахстан, Кыргызстан), прылічаюцца да грамадзян, не занятых у эканоміцы.

Каб пацвердзіць занятасць асобы, якая вучыцца або працуе на тэрыторыі дзяржаў ЕАЭС, трэба прадаставіць у пастаянна дзеючую камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва па месцы рэгістрацыі дакументы, якія пацвердзяць факт ажыццяўлення працоўнай дзейнасці (копію працоўнага дагавора для работніка) або навучання на дзённай форме атрымання адукацыі (даведку з установы адукацыі – для студэнта). Дакументы, якія пацвярджаюць занятасць, рэкамендуецца прадастаўляць у камісію з улікам штоквартальных тэрмінаў фарміравання спісаў, гэта значыць, да 21 красавіка, 21 ліпеня, 21 кастрычніка і 21 студзеня.

Што адбываецца з тымі, хто трапіў у базу дармаедаў?

У многіх не занятых у эканоміцы ёсць паважлівыя прычыны, але значная частка жыве па прынцыпе “працаваць не хачу і не буду”.

Калі ў чалавека ёсць ва ўласнасці жыллё, сумы ў жыроўках адчувальна павялічваюцца, асабліва за газ, ацяпленне і гарачую ваду. Калі казаць пра агульную суму ў жыроўцы, то яна можа “пацяжэць” і ўдвая. Аднак, здаецца, што гэта не вельмі насцярожвае грамадзян – з моманту апошняга абнаўлення дзятлаўская база папоўнілася амаль 60 незанятымі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации