У вёсцы Пацаўшчына, дзякуючы намаганням мясцовай старасты Галіны Глушкевіч, з дзясятак гадоў таму з’явіўся самабытны музей пад адкрытым небам.

Яго калекцыю складаюць вясковыя побытавыя рэчы мінулага стагоддзя – ад посуду і прадметаў быту да прыладаў працы і элементаў вупражы. Экспанаты размешчаны на сцяне звычайнай вясковай хаты, паўз якой “бяжыць” вуліца, а таму як пешаходам, так і вадзіцелям добра відаць уся самабытная выстава. Каля яе нярэдка спыняюцца цікаўныя вандроўнікі. А чаму б і не: для сучаснага чалавека, жыццё якога перапоўнена лічбавымі тэхналогіямі і “разумнымі” памочнікамі, большасць ранейшых прыладаў працы – гэта сапраўдныя загадкі ад прашчураў.

Пазнаёміцца з роднымі-народнымі экспанатамі, якія яшчэ памятаюць цяпло рук сваіх гаспадароў, і дакрануцца да непаўторнай гісторыі дзятлаўскага краю ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” вырашыў і творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. З Галінай Глушкевіч сустрэліся Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Марына Варган, каб пачуць ад вясковай старасты, з чаго пачыналася стварэнне музея пад адкрытым небам.

– Вельмі люблю родны куток, таму і стараюся захаваць яго гісторыю і традыцыі. Раней працавала прадаўцом у мясцовым магазіне, добра ведаю жыхароў і іх жыццёвыя лёсы, за гэта, лічу, мяне і абралі старастай Пацаўшчыны. Задумка стварыць музей узнікла, калі ў нашай вёсцы разбіралі струхнелыя хаты. Вядома ж, ад іх былых гаспадароў заставалася нямала рэчаў вясковага побыту, некаторым з якіх мо і сотня гадоў, многія па добрай народнай традыцыі перадаваліся ад бацькі сыну, ад маці дачцэ. Адметна і тое, што вырабляліся і майстраваліся яны па неабходнасці, пераважна гаспадаром сямейства, які прызвычайваў да гэтай карыснай справы і малодшае пакаленне. Так, за простай паўсядзённай работай вяскоўцы вучыліся ўсяму таму, што потым будзе абавязковым і неабходным у жыцці. Продкі нашы былі тымі майстрамі-ўмельцамі, вопыт і жыццёвую памяркоўнасць якіх, лічу, абавязкова трэба захоўваць як неацэнны скарб.

Вось і не магла я раўнадушна прайсці міма на першы погляд непрыкметнай гісторыі нашай вёскі. Так спакваля і з’явіўся невялікі музей рэчаў народнага побыту пад адкрытым небам.

Знаходзіцца ён у такім месцы, што экспазіцыяй могуць палюбавацца ўсе жадаючыя. А мне прыемна, што цяпер у Пацаўшчыне ёсць свой адметны “аб’ект лакальнай культуры”. Радуе, што людзям ён цікавы, ды і з майго боку ніякіх матэрыяльных затрат не спатрэбілася. Наадварот, я атрымала вялікае задавальненне ад добрай справы. Радуе і магчымасць паказаць унукам-праўнукам вяскоўцаў, як раней жылі іх продкі. Дзецям тут заўсёды цікава, ды і дарослыя не адразу могуць здагадацца аб прызначэнні таго ці іншага экспаната.

Спецыялісты сектара з вялікай цікавасцю прайшліся ўздоўж сцяны з прымацаванымі да яе і складзенымі ля падмурка рэчамі, літаральна адчулі “дыханне” мінулага стагоддзя. Уражанне, як ад падарожжа на машыне часу: нагамі ты стаіш на звычайнай вясковай вуліцы, дзе за спінай – хата Галіны Глушкевіч, а перад вачамі – роднае-народнае, нібыта “прывітанне” ад бабуляў-дзядуляў, маўляў, мы так жылі, а што пра гэта ведаеце вы?

Маўчыць насценны радыёпрыёмнік, колькі ён у свой час расказаў навінаў. Хто ведае, можа, і пра вайну гаварыў? А вось блішчыць на сцяне круглым бокам газоўка. Яна зрабіла светлымі сотні сялянскіх вечароў, калі дзень кароткі, як вераб’іны скок, а зімовая ноч доўгая, як кудзеля. Дзецям дапамагала спасцігаць школьныя прамудрасці, дарослым – завіхацца па гаспадарцы. Парыжэлі ад часу працаўнікі-сярпы, а раней на жніўных палетках яны блішчэлі, як малады серп месяца, спорна зразаючы спелае калоссе, дыхаючы жнівеньскай спёкай і водарам хлебнай нівы. Сцішылася і бёрда – больш не прыбівае ўток у кроснах вясковай ткачыхі. Не бегаюць пад моцнай рукой майстра-цесляра па залацістых дошчачках і гэблікі-рубанкі. Сотні рэчаў “задрамалі” на драўлянай сцяне і бачаць сны пра сваё мінулае. Колькі цікавых гісторый і загадак ад продкаў тоіцца за кожнаю з іх.

Ганна Харлінская папрасіла Галіну Глушкевіч “прыадкрыць” таямніцу часу і расказаць аб прызначэнні трох на выбар рэчаў з калекцыі яе вясковага музея.

Без чаго селянін на кірмаш не ездзіў?

Першай Галіна Мацвееўна бярэ ў рукі загадкавую доўгую жалезную рэч. На ёй шкала лічбаў. Што гэта? Аказваецца, так выглядае бязмен – ручная рычажная вага з рухомай апорай і кручком. Выкарыстоўваліся бязмены для ўзважвання сена, збожжа, агародніны. У падобных вагаў была даволі нізкая дакладнасць і надзейнасць: “падмануць” яны маглі і на 200 грамаў, і на кілаграм. У народзе нават з’явілася ўстойлівая метафара – “дурны, як бязмен”. Таму дбайныя гаспадары, каб не быць ашуканымі, без свайго бязмена на кірмаш не ездзілі. Назаве прадавец вагу тавару, а пакупнік возьме і пераважыць яго на вачах у гандляра. Калі разыходжанні вялікія, пачынаецца торг са спрэчкамі аб цане пакупкі.

Бесправадны старэйшы за правадны?

На вуснах Галіны Глушкевіч з’яўляецца загадкавая ўсмешка, а ў вачах “скачуць” гарэзлівыя агеньчыкі.

– Ці даводзілася вам карыстацца бесправадным прасам? – цікавіцца яна.

Прызнацца, такое пытанне ставіць у тупік. Бесправадной мышкай, навушнікамі, мадэмам даводзілася – пачынаюць перабіраць у памяці тэхнічныя характарыстыкі сучасных бытавых прыбораў госці. Прасам, здаецца, не!

У гэты самы момант гаспадыня музея бярэ ў рукі важкую жалязяку з драўлянай ручкай – старадаўні “бабулін” прас. Ён і сапраўды бесправадны, бо награваўся за кошт гарачых вугельчыкаў. Абыходзіцца з такім “памочнікам” трэба было вельмі ўмела і асцярожна – рэгулятара тэмпературы на ім не прадугледжана. А вось правадныя электрычныя прасы з’явіліся ў вяскоўцаў крыху пазней, выглядалі не так, як цяперашнія. Адзін з іх таксама займае сваё пачэснае месца ў пацаўшчынскім музеі.

Як сабраць “салодкае золата” без наступстваў?

Хто не любіць мёд – салодкі, духмяны, вельмі карысны для здароўя прадукт пчалярства! Аднак, каб “здабыць” яго, трэба ведаць шмат прамудрасцяў. Нашы продкі даўно “прыручылі” руплівых пчолак, шырока выкарыстоўваюць вынікі іх сезоннай працы. Праўда, нават гатовае “салодкае золата”, якім так любіць ласавацца вясковая дзятва, сабраць не проста. Пчолы надзейна вартуюць свае скарбы. Каб працавітыя насякомыя сталі менш злымі і куслівымі, нашы дзядулі выкарыстоўвалі цікавае прыстасаванне – дымакур або дымар. Гэта ёмістасць з цыліндрычным корпусам, адкідным верхам і невялікімі “мяхамі”, якія дапамагаюць “гнаць” дым у вулей. З-за яго пчолы робяцца соннымі і спакойна дазваляюць забраць рамкі з мёдам. Такі дымакур упрыгожвае і калекцыю Галіны Глушкевіч.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации