У свой чарговы рэйд-віншаванне ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” лістападаўскім днём накіраваліся артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
На гэты раз дарога Ганны Харлінскай, Ірыны Бакшук і Марыны Варган, да якіх з падарункам ад раённага савета ветэранаў далучылася сакратар гэтай грамадскай арганізацыі Ядвіга Гушча, ляжаў у вёску Буцвілавічы да мясцовай доўгажыхаркі Ніны Гайдук (у дзявоцтве Клімец).
На пачатку лістапада Ніна Канстанцінаўна адзначыла свой юбілейны 80-ы дзень нараджэння, і менавіта для яе была падрыхтавана чарговая музычная віншавальная паштоўка ад творчага калектыву сектара.
Нягледзячы на пранізлівы лістападаўскі вецер і сціплыя вясковыя пейзажы, для імянінніцы прагучалі самыя цёплыя, шчырыя словы пажаданняў. Госці зычылі ёй здароўя, дабрабыту, увагі родных і блізкіх, мірнага неба над галавой, ясных сонечных дзён. А яркі букет хрызантэмаў яшчэ раз нагадаў юбілярцы, што і ў восеньскую непагадзь ёсць месца для добрых і запамінальных сустрэч.
Вядома ж, госці па добрай традыцыі пацікавіліся ў Ніны Ганчар пра яе асабісты сакрэт даўгалецця. Ніна Канстанцінаўна расказала, што сакрэт гэты – у стараннай паўсядзённай працы, якой было даволі шмат на яе вяку, яшчэ прызналася, што пастаянна просіць у Бога, каб захаваў ёй сілу ў нагах і светлую галаву. Варта адзначыць, што ў свае шаноўныя 80 гадоў імянінніца сама спраўляецца з хатнімі клопатамі, летам даглядае агарод, зрэдку ходзіць па ягады. Узгадваючы свой лёс, наша зямлячка зазначыла:
– У жыцці бывала рознае. Дзяцінства сваё лічу шчаслівым, бо была ў таты адзінай дачкой, пра мяне клапаціліся.
Ніна родам з суседніх Цяцейкаў, у свой час скончыла дзесяцігодку, першыя некалькі гадоў працавала ў бібліятэцы. Будучага мужа Фелікса Ганчара сустрэла на вясковых вячорках, якія звычайна праходзілі ў адной з хат, ведала яго і раней, бо быў з суседняй вёскі. Так лёс “прывёў” маладую дзяўчыну ў Буцвілавічы. Пасля нараджэння старэйшага сына Ніна Канстанцінаўна прадоўжыла працоўную дзейнасць ужо ў сферы гандлю. Была прадаўцом у Дварцы, расказвае, што на работу пераважна хадзіла пешшу, адпрацавала ў магазіне да самай пенсіі, а гэта больш за тры дзесяцігоддзі.
Побач з Нінай Ганчар ужо шмат гадоў няма мужа і аднаго з сыноў, затое пра бабулю не забываюць чацвёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў, кожны з іх павіншаваў яе з юбілейным днём нараджэння.
Менавіта стасункі з блізкімі прыносяць Ніне Канстанцінаўне хвіліны радасці, таму і маладому пакаленню юбілярка жадае моцнага здароўя, розуму і памяркоўнасці, а таксама каб не забываліся пра сваіх бацькоў, агортвалі іх клопатам і ўвагай.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga