10 лістапада свой 90-гадовы юбілей адсвяткавала паважаная жыхарка вёскі Ведравічы, шматдзетная матуля, любімая ўнукамі бабуля і прабабуля Соф’я Бакей.

Павіншаваць Соф’ю Іванаўну сабраліся родныя, суседзі, не абмінула ўвагай важкую дату зямлячкі і старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых, якая з артыстамі Данілавіцкага дома культуры падрыхтавала для імянінніцы памятныя падарункі.

– Сёння ў вас цудоўны юбілей – 90 гадоў, – зазначыла Ганна Мікалаеўна, звяртаючыся да доўгажыхаркі з віншаваннямі. – Мы ўсе ведаем вашы працоўныя заслугі ў гаспадарцы, а вось галоўная ваша жыццёвая заслуга, што нарадзілі і выгадавалі 10 дзяцей, і ўсе яны прыязджаюць у бацькоўскі дом, які сагравае іх цяплом. Спадзяюся, так будзе і надалей, аж да вашага 100-годдзя, з якім таксама абяцаем павіншаваць. Я рада, што такая спакойная, добразычлівая, шчырая жанчына жыве на тэрыторыі нашага сельсавета. Здароўя вам моцнага, спакою, дабра, цяпла, утульнасці, бадзёрасці духу, энергіі, павагі дзяцей і ўнукаў, шчырага гонару за іх.

Ад Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых уручыла Соф’і Бакей грамату з найлепшымі пажаданнямі і яркі букет восеньскіх хрызантэмаў.

Падарункам і вясёлай жыццесцвярджальнай песеннай паштоўкай імянінніцу ўшанавалі данілавіцкія артысты.

У гэты дзень у хаце Соф’і Іванаўны было цёпла ад шчырых сардэчных пажаданняў і светла ад усмешак родных, сяброў і гасцей.

– 90 гадоў прайшлі не ўпустую, – зрабіла выснову юбілярка.

Сапраўды, Соф’і Бакей ёсць кім ганарыцца. Яе вялікая сям’я – гэта 10 дзяцей, 19 унукаў, 22 праўнукі, прапраўнучка і, як жартуе бабуля, “двое пакуль у дарозе”. Значыць, у Бакеяў яшчэ шмат нагодаў для радасці. Здаецца, калі б давялося складаць іх радавое дрэва, то крона яго была б прыгожай і шырокай, з густымі галінкамі і шматлікімі лісточкамі.

Ці думала раней дзяўчынка Соф’я, якая з пяці гадоў расла без маці, пазней – пры строгай мачасе і на ўласным вопыце адчула горыч выслоўя: у каго мамка – у таго галоўка гладка, што прыйдзе час і лёс не проста верне, але ў дзясяткі разоў памножыць для яе не атрыманыя ў дзяцінстве пяшчоту і клопат.

– Табе, бабуля, жыццё дорыць заслужанае даўгалецце, за ўсё, чаго не хапіла раней, – пацвярджаюць гэту думку ўнукі.

– Хлеба-та нам заўсёды хапала, бо тата быў працавіты, – успамінае юбілярка. – А вось адзіную выхадную сукенку мне дазвалялі надзяваць толькі на выхадныя і святы, строга сачылі, каб берагла яе.

Можа, таму і замуж Соф’я Іванаўна пайшла рана, каб жыць сваёй сям’ёй і разам з мужам, уласнай працай ствараць сямейны дабрабыт. З будучай “другой палавінкай” яны хадзілі ў Ведравіцкую школу і былі знаёмыя з самага дзяцінства.

– Мой Бакей вучыўся на выдатна! – хваліцца Соф’я Іванаўна.

Затым гаспадар працаваў трактарыстам, разам яны выгадавалі 10 дзяцей, дапамагалі гадаваць унукаў.

Унукі-праўнукі і цяпер любяць успамінаць, як гадаваліся ў “бабуліным дзіцячым садку і школе”, яе смачныя пачастункі – усімі любімыя мучныя аладкі з чарніцамі, зацірку, а таксама сумесныя з дзядулем паходы ў лес.

Пражыўшы няпростае, напоўненае працай і турботамі за родных жыццё, Соф’я Бакей і ў свае шаноўныя 90 гадоў не любіць сядзець без справы. Яна яшчэ вяжа на спіцах, за работай спявае песні, якія вельмі любіла ў маладосці. Цяпер, напрыклад, рыхтуе падарунак для роднага пляменніка. Ён павінен прыехаць на юбілей, тады і атрымае цёплыя шкарпэткі, яны амаль ужо гатовы.

Маладому пакаленню юбілярка зычыць усяго найлепшага: мірнага неба над галавой, стваральнай працы і здаровага даўгалецця.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации