Злачынствы супраць жыцця, здароўя, палавой недатыкальнасці і палавой свабоды непаўналетніх з’яўляюцца грамадска небяспечнымі з’явамі і ўяўляюць сабой адну з найбольш небяспечных формаў антысацыяльных паводзінаў.
Памылкай будзе ўпэўненасць у тым, што сексуальны гвалт над дзіцем абавязкова пакідае фізічны след. Ён можа быць як кантактным, так і бескантактным. Злачынствы супраць палавой недатыкальнасці дзяцей уключаюць у сябе не толькі палавы акт, але і распусныя дзеянні.
Падобнага роду злачынствы ў большасці выпадкаў расцягнуты ў часе, часцей яны ўчыняюцца добра знаёмымі дзецям людзьмі ці сваякамі: па выніках даследаванняў – да 80 %.
Дзеці, пазбаўленыя цёплай сямейнай абстаноўкі, даверлівых адносінаў з бацькамі, законнымі прадстаўнікамі, значнымі дарослымі, найбольш уразлівыя для злачынных замахаў. Менавіта таму яны так лёгка схільныя адгукацца на ласку і цёплае стаўленне з боку незнаёмых дарослых, не падазраючы аб іх сапраўдных матывах. З мэтай папярэджання фактаў гвалту і злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды непаўналетніх варта:
– пастаянна абмяркоўваць з дзецьмі пытанні ўзаемаадносінаў з дарослымі (у тым ліку незнаёмымі) людзьмі, каб дзіця магло адрозніць звычайныя стасункі са старэйшым ад замахаў на палавую недатыкальнасць;
– інфармаваць дзяцей аб тым, да каго і куды яны могуць звярнуцца пры ўзнікненні падазроных сітуацый;
– вучыць дзяцей правілам паводзінаў з незнаёмцамі, у складаных сумніўных сітуацыях;
– пры абмеркаванні тэмы асабістай бяспекі з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту можна выкарыстоўваць сюжэты казак.
Для прафілактыкі неабходна вучыць іх правілу “ніжняй бялізны”. Асабліва яно актуальнае для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, а таксама з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сутнасць правіла заключаецца ў тым, што дзіцяці на даступнай для яго мове тлумачаць, што існуюць часткі цела, да якіх дакранацца можа толькі яно само.
Кацярына ЛЯЎКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава
Фота з адкрытых крыніц
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga