У Казлоўшчынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў пасля бягучага рамонту і перапрафіліравання адкрылася аддзяленне суправаджальнага пражывання.

Яно прызначана для атрымальнікаў сацыяльных паслугаў, якія адаптуюцца да знаходжання ў соцыуме і самастойнага вядзення быту.

Урачыстае адкрыццё аддзялення прайшло ў рамках семінара-нарады для дырэктараў, спецыялістаў па сацыяльнай рабоце, інструктараў па працоўнай тэрапіі камунальнай формы ўласнасці Гродзенскай вобласці пад назвай “Арганізацыя мерапрыемстваў па развіцці даступных працоўных навыкаў і іншых мерапрыемстваў сацыяльна-рэабілітацыйнай накіраванасці ў дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў. Праектная дзейнасць у стацыянарных сацыяльных установах”.

Права перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку на ўваходзе ў абноўленае аддзяленне было прадастаўлена старшыні камітэта па працы, занятасці  і сацыяльнай абароне насельніцтва Гродзенскага аблвыканкама Вользе Сядзельнік і дырэктару Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Ігару Ціхану.

Вольга Георгіеўна адзначыла, што вопыт адаптацыі атрымальнікаў сацыяльных паслуг да самастойнага жыцця не новы для нашага рэгіёна:

– Адна з задач, якая на сёння стаіць перад працоўнымі калектывамі стацыянарных установаў Гродзенскай вобласці, дамоў-інтэрнатаў псіханеўралагічнага профілю, – стварэнне камфортных і бяспечных умоваў быту жыхароў такіх установаў (сёння іх больш за 2000 чалавек), якаснае аказанне ім сацыяльных паслуг. Для людзей, у якіх захаваны інтэлект, ствараюцца аддзяленні адаптацыі, каб даць ім магчымасць у далейшым аднавіць дзеяздольнасць. У Гродзенскай вобласці ёсць станоўчы вопыт, калі людзі змаглі вярнуцца ў соцыум, аднак гэтаму папярэднічала доўгая скрупулёзная работа вялікай каманды ў саставе медыцынскага персаналу і інструктараў па працатэрапіі. Удзельнікі праграмы атрымалі шанц жыць самастойна, некаторыя стварылі сем’і, нарадзілі дзяцей, сталі запатрабаванымі ў працоўнай сферы. Такія людзі разумеюць, што яны таксама патрэбны  нашаму грамадству. Адкрыццё аддзялення ў Казлоўшчынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў – яшчэ адзін крок у гэтым напрамку. “Выпускнікі” такіх установаў нярэдка пакідаюць дом-інтэрнат з рабочай        прафесіяй у руках.  Добрай практыкай стала, калі людзі, якія адаптуюцца да грамадскага жыцця, застаюцца працаваць у сацыяльнай сферы, часам, у роднай установе.

З малітвай аб здароўі персаналу і жыхароў інтэрната памяшканні аддзялення асвяціў настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў Казлоўшчыне протаіерэй Георгій Ярмоліч.

Удзельнікам семінара прапанавалі экскурсію-прэзентацыю памяшканняў адрамантаванага аддзялення.  Тут абсталяваны два жаночыя і адзін мужчынскі пакоі, у якіх жывуць 12 чалавек ва ўзросце ад 40 да 50 гадоў. Акрамя жылых пакояў, ёсць сталовая з мэбляй, бытавой тэхнікай і неабходным абсталяваннем, санвузлы, пральня, дзе жыхары аддзялення могуць самастойна мыць адзенне і прасаваць яго з дапамогай сучаснай прасавальнай сістэмы. Функцыянуе навучальны клас, дзе праходзяць індывідуальныя і калектыўныя заняткі са спецыялістамі. Каб стварыць сапраўдную хатнюю ўтульнасць, для аддзялення была падабрана зручная мэбля, сцены расфарбаваны ў адзіным стылі мастаком-дызайнерам, а на іх – асабістыя фотаздымкі навасёлаў, якія будуць нагадваць ім аб добрых момантах жыцця. Жыхары аддзялення змогуць самі гатаваць ежу, кожны дзень будуць вучыцца карыстацца элементарнымі асабістымі і хатнімі рэчамі – ад зубной шчоткі да газавай пліты. Гэтыя навыкі спатрэбяцца ім у самастойным жыцці.

Кандыдаты на засяленне выбіраліся  камісійна, згодна з прафесійнымі перавагамі і медыцынскай дакументацыяй. Кожны з іх будзе праходзіць індывідуальную праграму медыцынскай рэабілітацыі, адаптавацца пад паўсядзённае самастойнае жыццё. У аддзяленні працуе асобны пост малодшага медыцынскага персаналу, ёсць інструктар па працатэрапіі, культарганізатар, спецыяліст па сацыяльнай рабоце.

– Для нашай установы гэта першы вопыт адаптацыі атрымальнікаў сацыяльных паслуг да рэальнага жыцця, – расказала доктар-псіхіятр дома-інтэрната Вераніка Гірык. – Працэс будзе доўжыцца ад аднаго года да трох, на працягу якіх з жыхарамі аддзялення будуць працаваць спецыялісты розных профіляў. Будзем весці пастаяннае назіранне за тым, ці здольны людзі жыць самастойна, канчатковае рашэнне будзе прынята кансіліумам. Аднак і пасля гэтага з нашымі падапечнымі застануцца на сувязі куратары, якія будуць дапамагаць і накіроўваць у самастойным жыцці.

Пасля экскурсіі ўдзельнікі мерапрыемства сустрэліся ў актавай зале ўстановы, дзе работа прадоўжылася згодна з праграмай семінара.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации