Андрэй Добыш: “Песня – гэта я”

Важнае Грамадства

На пачатку кастрычніка адзначаюць сваё прафесійнае свята тыя, хто звязаў свой лёс з творчасцю.

Тым больш прыемна, што Дзятлаўшчына па-сапраўднаму багатая на таленавітых творцаў, майстроў, спевакоў і музыкаў, вядомых не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі. У гэтай кагорце – гукарэжысёр Дварэцкага дома культуры, удзельнік народных калектываў “Суседзі” і “Мара”, гаспадар адной з самых спяваючых сем’яў Дзятлаўшчыны Андрэй Добыш.

У нашага земляка не было ніводнага шанцу пражыць жыццё без песні. Ён нарадзіўся і вырас у вёсцы Харашкі, што на Дзятлаўшчыне. У сям’і любілі песні і добра спявалі практычна ўсе: бацька і маці, брат з сястрой. Андрэй Андрэевіч узгадвае як самыя яркія ўспаміны тыя дні, калі бацькоўская хата поўнілася гасцямі, а тата, музыкант-самавучка, даставаў свой баян. Будучы школьнікам, толькі два гады Андрэй Добыш правучыўся ў музычнай школе ў Наваельні, куды ў любое надвор’е бацька вазіў яго ў калясцы матацыкла, назад даводзілася вяртацца на дызелі.

Калі вясковы хлопец скончыў сярэднюю школу, надышоў час выбіраць жыццёвую сцяжыну.

–У мяне было два шляхі: або ісці ў сельскую гаспадарку, або ў культуру. Выбраў другое, – расказвае Андрэй Андрэевіч.

Ён паступіў у Гродзенскае культпрасветвучылішча, якое скончыў у 1988 годзе па спецыяльнасці “кіраўнік аркестра народных інструментаў”, за гэты час паспеў прайсці службу ў арміі.

Першым месцам работы маладога спецыяліста стаў аграгарадок Белагурна, дзе на працягу дзесяці гадоў загадваў Домам культуры. Тут ён стварыў сям’ю, пабудаваў свой дом, у якім таксама, як некалі ў бацькоўскім, не змаўкае песня.

– У нашай сям’і ўсе вялікія аматары паспяваць ад душы, – кажа мужчына. – Мы з жонкай вельмі любім добрую песню, абодва сыны выдатна спяваюць. Старэйшы ўнук Арсеній вучыцца ў дзіцячай школе мастацтваў на фартэпіяна і ўжо мае поспехі на конкурсах, дашкольніца Міраслава хоць яшчэ маленькая, але ўжо таксама паказвае добрыя вакальныя даныя.  Я, шчаслівы тата і дзядуля, цешуся з іх.

Ёсць у жыцці народнага артыста старонка, звязаная з Белагурнаўскай школай. Сюды яму прапанавала перайсці працаваць жонка Вера Анатольеўна, якая на той час была ва ўстанове настаўніцай пачатковых класаў.

– Відаць, гэта сімвалічна, што дзень майго нараджэння 1 верасня прыпадае на Дзень ведаў, – разважае ён. – Гэта свята таксама заняло важнае месца ў маім жыцці.

Ніколі не засмучацца, а ў любой незразумелай ці складанай сітуацыі спяваць ад душы – гэта жыццёвае крэда Андрэя Добыша. Любімчыкам фартуны яго не назавеш: ён паспеў праявіць сябе як у педагагічнай дзейнасці, так і ў ідэалагічнай рабоце ў тагачасным КСУП “Белагурна”. У абодвух выпадках прычынай перамены месца работы стала рэарганізацыя. Аднак Андрэй Андрэевіч вельмі рады, што такая пакручастая жыццёвая сцяжына прывяла яго нарэшце зноў у сферу мастацтва: цяпер ён удзельнік дружнай творчай каманды Дварэцкага дома культуры, чым вельмі ганарыцца. З’явілася нагода часцей браць у рукі баян, віртуозна іграць на якім ён таксама, як тата, навучыўся на слых.

– Нам вельмі камфортна працаваць разам тут, у Дварцы. На базе ўстановы культуры мы стварылі ансамбль песні “Мара”. За невялікі перыяд існавання, паўтара года, ён набыў сваіх прыхільнікаў. Нядаўна пры спонсарскай дапамозе кіраўніцтва раёна мы змаглі пашыць новыя народныя касцюмы. Акрамя таго, раз на тыдзень збіраемся на рэпетыцыі з вядомым дзятлаўчанам тэатрам-студыяй гульні “Суседзі”.

– Дзе ўдалося пабываць з гастролямі?

– Ільвіная доля нашага канцэртнага графіка – на Дзятлаўшчыне: выступаем на сцэне санаторыя “Радон”, дзе нас заўсёды сустракаюць авацыямі, заўжды ўдзельнічаем у раённых мерапрыемствах. Не забываем пра любімую дварэцкую публіку: тут ладзім мерапрыемствы з серады па пятніцу. За час існавання мы паспелі пабываць з выступленнямі на многіх яркіх мерапрыемствах абласнога і рэспубліканскага значэння: абласных “Дажынках”, “Славянскім базары” ў Віцебску, на Аўгустоўскім канале, у Александрыі на свяце “Купалле”.

– Ці хутка чакаць бенефіс “Мары”?

– Пакуль яшчэ працуем над гэтым. У нашым рэпертуары пакуль пераважна народныя песні, хочацца яго аздобіць эстраднымі. Не выключаю, што ў будучым выканаем і мае ўласныя аўтарскія кампазіцыі, якія цяпер дапрацоўваю.

– Чым займаецеся разам з калегамі па працы, акрамя работы ў творчых калектывах?

– Вельмі шмат разнапланавай цікавай работы. Пад кіраўніцтвам Святланы Венскай разам з дзецьмі аднаўляем народныя традыцыйныя святы, ужо правялі Саракі, Юр’е, Яблычны Спас, Багач. Пры ўстанове працуе клуб выхаднога дня “Церамок”, які ўзначальвае мая жонка Вера Анатольеўна. На нас – не толькі культурная, але і асветніцкая, прафілактычная работа.

– Што для вас значыць песня?

– Песня – гэта я, мой сэнс жыцця, сфера, дзе я магу быць сабой, быць патрэбным. Бог надзяліў мяне такім выдатным дарам, як музычны слых, голас, і я павінен быць удзячны за гэта ўсё жыццё, дзяліцца ім з іншымі людзьмі.

– Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?

– Мне вельмі пашчасціла ў жыцці на добрых людзей. Самыя шчырыя словы ўдзячнасці адрасую намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васілю Шыцько, з якім разам пачыналі шлях у культуры, практыкаваліся, спявалі, сябравалі і дагэтуль не губляем добрыя стасункі. Вельмі рады сёння працаваць у творчым калектыве разам з такімі выдатнымі людзьмі, як Людміла і Аляксандр Баклушыны, Святлана Венская. Разам выконваем прафесійныя абавязкі, дружна ўдзельнічаем у суботніках па навядзенні парадку, разам падарожнічаем і, вядома, спяваем. Хачу ім, а таксама ўсім работнікам культуры, пажадаць моцнага здароўя і творчых поспехаў, дабра, цяпла і міру.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga