Самае лепшае – наперадзе.

Газета “Перамога” прадаўжае публікацыі аб выдатных людзях, якім сёлета споўніўся 31 год, як і нашай незалежнай дзяржаве, у рамках інфармацыйнага праекта “маладой Беларусі”. Іх жыццёвы шлях праходзіў разам са станаўленнем і росквітам нашай краіны. Гэтыя людзі паспяхова праявілі сябе ў рабоце і грамадскім жыцці, дасягнулі высокіх вынікаў. Яны паспяхова рэалізоўваюць свае ідэі, уменні і здольнасці, душой хварэюць за сучаснасць і шчаслівую будучыню роднай Беларусі.

***

Загадчыца філіяла № 1 (аграгарадок Гезгалы) Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Лыкава з’яўляецца кіраўніком падраздзялення непрацяглы тэрмін, аднак прыход у педагогіку даўно стаў яе свядомым рашэннем. На выбар будучай прафесіі паўплывала мама, якая і сёння працуе выхавальнікам у Гезгалаўскім дзіцячым садзе.

– Мне заўсёды падабалася ствараць нешта сваімі рукамі, – расказвае Таццяна Юр’еўна, – таму пасля заканчэння школы паступіла на спецыяльнасць “тэхналогія, сацыяльная педагогіка” ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Першыя крокі ў прафесіі спецыяліст рабіла ў сферы дашкольнай адукацыі, дзе атрымала каштоўны вопыт работы з падрастаючым пакаленнем. У 2015 годзе яна стала шчаслівай матуляй, прысвяціла ўвесь свой час і клопат любімаму сыну, пошукам самавызначэння.

Калі ў 2020 годзе спецыялісту прапанавалі ўзначаліць філіял школы мастацтваў, яна, параіўшыся з блізкімі, адважылася на гэты сур’ёзны крок і не пашкадавала: свет дзіцячай творчасці захапіў яе і адкрыў новыя гарызонты.

Таццяна Лыкава – адміністратар з душой творцы, яна, як і ўсе педагогі падраздзялення, дапамагае падапечным дасягаць творчых вышыняў, ганарыцца іх поспехамі, якіх у скарбонцы Гезгалаўскага філіяла нямала. На ўвесь раён вядомы юныя скрыпачы, спевакі і мастакі з Гезгалаў. На дошцы гонару – імёны Яны Белавус, Юліі Болбат, Нэлі Санюк, Ксеніі Жылянінай і іншых навучэнцаў, якія праслаўляюць сваю навучальную ўстанову на рэспубліканскіх і міжнародных этапах. Ганарацца яны і лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі, якія кожны год адзначаюцца ў філіяле.

На Дзятлаўшчыне добра ведаюць гезгалаўскіх “Зорачак” – узорны ансамбль скрыпачоў, лаўрэат шматлікіх конкурсаў, гісторыя якога налічвае 15 гадоў. Сёння юныя скрыпачы паспяхова прадаўжаюць канцэртную дзейнасць.

– Што робіце для таго, каб падтрымаць у дзяцей цікавасць да мастацтва і атрымання дадатковай адукацыі?

– Ідзём ад сям’і: актыўна запрашаем татаў і матуляў да сумеснай работы і творчасці. За апошнія гады мы рэалізавалі шэраг сумесных цікавых работ. Сярод іх – даследчыцкі праект “У гасцях у скрыпкі” пад кіраўніцтвам Наталлі Жданук, які атрымаў дыплом лаўрэата І ступені на міжнародным конкурсе па музычна-тэарэтычных дысцыплінах, праект “Вучымся разам”, рэалізаваны сумесна з бацькамі навучэнцаў.

– Вас натхняе той факт, што вы – аднагодка незалежнай Беларусі?

– Вельмі прыемнае адчуванне. Калі бачыш, які сур’ёзны шлях за тры дзесяцігоддзі прайшла наша родная краіна, гэта сапраўды акрыляе. Хочацца працаваць, удзельнічаць у росквіце і ствараць дабрабыт сваёй Бацькаўшчыны.

Наталля АВЯРЧУК

Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации