Ці можна адмяніць або змяніць завяшчанне?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Пытанне: мною было складзена завяшчанне на пляменнікаў. Адносіны памяняліся, хацелася б даведацца, ці можна гэта завяшчанне адмяніць ці змяніць?

Адказвае натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі Любоў Аўсіевіч:

– Завяшчальнік мае права адмяніць ці змяніць складзенае ім завяшчанне ў любы момант, хоць на наступны дзень пасля яго здзяйснення, і неабмежаваную колькасць разоў. Пры гэтым завяшчальнік не абавязаны пазначаць, чаму гэта робіць ці паведамляць каму-небудзь аб прычынах адмены ці змянення складзенага ім завяшчання.

Завяшчальнік можа:

– адмяніць зробленае ім завяшчанне ў цэлым, знішчыўшы яго. Усе экзэмпляры завяшчання могуць быць знішчаны самім завяшчальнікам або натарыусам па пісьмовым распараджэнні завяшчальніка. У першым выпадку завяшчальнік падае натарыусу заяву з просьбай аб прадастаўленні яму завяшчання, якое захоўваецца ў натарыяльнай канторы (натарыяльным бюро, сельскім выканкаме), для таго, каб знішчыць усе экзэмпляры асабіста. У дзень паступлення заявы натарыус (кіраўнік спраў) выносіць пастанову аб адабранні завяшчання са справы: яно перадаецца завяшчальніку, у чым ён распісваецца.

У другім выпадку па пісьмовым распараджэнні завяшчальніка ўсе эезэмпляры завяшчання знішчае натарыус, але пры такім спосабе адмены завяшчання завяшчальніку неабходна прадаставіць натарыусу і свой экзэмпляр. Аб знішчэнні ўсіх экзэмпляраў завяшчання з пазначэннем спосабу іх знішчэння натарыус складае акт, які падпісваецца натарыусам і завяшчальнікам;

– адмяніць зробленае ім завяшчанне ў цэлым, склаўшы новае на тую ж маёмасць, якая была пазначана ў папярэднім;

– змяніць завяшчанне шляхам адмены, змянення ці дапаўнення асобных завяшчальных распараджэнняў, якія ў ім утрымліваюцца, зрабіўшы новае завяшчанне. Па агульным правіле завяшчанне, складзенае раней, адмяняецца наступным завяшчаннем поўнасцю або ў частцы, у якой яно яму супярэчыць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga