Падзячныя лісты і падарункі за выхаванне

Грамадства Свежыя навіны

У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы адбылося ўрачыстае ўшанаванне сем’яў супрацоўнікаў за паспяховае выхаванне дзяцей.

Падзячныя лісты за подпісам дырэктара сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Івана Кібіня з пазнакай “за добрае выхаванне і праяўленую цікавасць не толькі да вучобы, але і да жыцця школы” атрымалі сем’і Берасневічаў і Юргеляў. Таксама ім былі ўручаны кветкі і падарункі ад аддзела.

– Сям’я – гэта галоўнае, што ёсць у кожнага чалавека, а дзеці – гэта нашы кветкі і ўзнагарода за каханне і вернасць, – адзначыў начальнік аддзела Дзмітрый Харошка, пажадаўшы сем’ям моцнага здароўя, шчасця, далейшых поспехаў.

У сваю чаргу ўзнагароджаныя расказалі пра ваіх дзяцей.

Андрэй і Аксана Берасневічы:

– Падзячны ліст атрымалі за выхаванне старэйшай дачкі Ганны, навучэнкі дзявятага класа. У дачкі схільнасці да англійскай, рускай і беларускай моваў, любіць і заняткі спортам, цяпер яна актыўна рыхтуецца да экзаменаў, паступаць пакуль не збіраецца – пойдзе ў дзясяты клас. Мы жадаем ёй далейшых поспехаў і здароўя.

Аляксей і Галіна Юргелі:

– Наша надзея і апора – малодшая дачка Яна, якая заканчвае 11 клас. Падрыхтоўка да паступлення патрабуе ад яе пэўных намаганняў. Яна збіраецца звязаць сваё жыццё з медыцынай, таму больш увагі надае хіміі і біялогіі. У далейшым хацелася б, каб дачка вярнулася да нас. Жадаем ёй поспехаў і ўдачы на экзаменах і пры паступленні, быць здаровай, а яшчэ, каб у нашай краіне панаваў мір. Дачка – наша сонейка, наша любоў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga