У сувязі з сухім надвор’ем пажаранебяспечны перыяд у Беларусі сёлета пачаўся з 14 сакавіка.
Да яго былі прымеркаваны традыцыйныя агляды лясной аховы і пажарнай тэхнікі ва ўсіх лясніцтвах Дзятлаўскага лясгаса.
Правялі мерапрыемствы дырэктар лясгаса Сяргей Дурко, галоўны ляснічы Канстанцін Дзісько, інжынер па ахове і абароне лесу Міхаіл Карэнка.
Мэта гэтых аглядаў – падрыхтаваць лясную ахову да работы ў пажаранебяспечны перыяд ва ўмовах павышанай гатоўнасці і пільнасці. У зімовы перыяд увесь штат лясной аховы прайшоў тэхнічную вучобу, каб больш эфектыўна працаваць з дапамогай тэхналогій, якія з’явіліся ў лясной гаспадарцы раёна. Акрамя таго, сёлета арганізацыя набыла дзве новыя пажарныя машыны, абсталяваныя па сучасных патрабаваннях (на базе аўтамабіляў МАЗ і ГАЗ), у гаспадарцы выдзелены пасады вадзіцеляў пажарнай тэхнікі, а таксама дадатковая стаўка інжынера па ахове і абароне лесу.
Пры праверцы інспектараў цікавіла ўкамплектаванасць пунктаў супрацьпажарнага інвентару, работа сродкаў маніторынгу, спраўнасць пажарнай тэхнікі, а таксама наяўнасць спецыяльнай формы, нагрудных знакаў і неабходных дакументаў у супрацоўнікаў лясной аховы.
Чарговы агляд-экзамен прайшоў у Раготнаўскім лясніцтве, якое паказала дастойны ўзровень ведаў і падрыхтоўкі. Як адзначыў ляснічы Дзмітрый Томчык, структурнае падраздзяленне аснашчана і гатова да пажаранебяспечнага перыяду. Акрамя цэнтралізаванага відэаманіторынгу, кантроль за тэрыторыяй ажыццяўляюць леснікі ў час штодзённых абходаў.
Сяргей Дурко адзначыў, што з году ў год назіраецца станоўчая дынаміка ў папярэджанні і ліквідацыі ўзгаранняў у лясным фондзе:
– Дзякуючы мэтанакіраванай раўнамернай рабоце лясной аховы, своечасоваму выяўленню ўзгаранняў, мінулы год быў адносна спакойны ў плане лясных пажараў: у параўнанні з 2020 годам іх колькасць скарацілася ў 4 разы.
– Ці задаволены вы вынікам аглядаў лясной аховы?
– Усе правераныя лясніцтвы паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. У ходзе маніторынгу ўвага надавалася не толькі кантролю ведаў і дакументацыі, мы ў абавязковым парадку правяралі ў рабоце супрацьпажарныя прылады і тэхніку: у выпадку хуткага рэагавання ўсё павінна функцыянаваць без замінак і збояў.
– Якім чынам дасягаецца станоўчы вынік?
– Усе фактары важныя: падрыхтоўку персаналу і тэхнікі да пажаранебяспечнага перыяду мы пачалі яшчэ зімой. Сёлета набылі дзве пажарныя машыны, абнавілі спецыяльныя прылады пажаратушэння ў лясніцтвах. Усталявалі сістэму ранняга выяўлення пажараў “Лясны вартавы”, якая істотна аблегчыць работу лясной аховы і дапаможа ў самыя кароткія тэрміны рэагаваць на ўзгаранні. Яна складаецца з пяці камер, размешчаных на вышках аператараў мабільнай сувязі на тэрыторыі нашага раёна. Цяпер нашы “відэавочы” знаходзяцца вышэй над узроўнем зямлі, што павысіла іх аглядавыя магчымасці. Сучасная відэасістэма кантралюе ўвесь лясны фонд раёна, а кіруе ёй адзін дзяжурны, які ў выпадку здарэння апавяшчае калег па радыёстанцыі, мабільнай або стацыянарнай сувязі. Мяркую, сёлета сістэма дазволіць не дапусціць буйных пажараў у лясах.
Таксама Сяргей Віктаравіч звярнуўся да жыхароў Дзятлаўскага раёна:
– Улічваючы раннюю вясну і сухое надвор’е, мы пераканаўча просім дзятлаўчан не спальваць леташнюю траву і парубачныя рэшткі ні ў лесе, ні каля дома. Па-першае, гэта небяспечна, па-другое – караецца штрафам. За мінулы год 12 мясцовых жыхароў былі пакараны за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах або наведванне лясоў у перыяд забароны. Выявіць парушальнікаў дапамаглі работнікі лясной аховы і фотапасткі, размешчаныя ў лясным фондзе. Не спадзявайцеся на выпадак, не парушайце закон, ускладняючы работу лясной аховы і сваё жыццё.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga