У Беларусі праходзіць датэрміновае галасаванне на рэферэндуме па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Актыўны ўдзел у ім прымаюць і прадстаўнікі старэйшага пакалення.

Як расказала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, скарыстацца дапамогай свайго сацыяльнага работніка па суправаджэнні на ўчастак для галасавання могуць пажылыя людзі, якія знаходзяцца на надомным абслугоўванні.

– Сацыяльныя работнікі не толькі дапамагаюць у дастаўцы прадуктаў, лекаў, рэцэптаў і іншых бытавых пытаннях, але і выконваюць жыццёвыя просьбы падапечнага, – зазначае Таццяна Сямёнаўна. – Вельмі прыемна, што пажылыя людзі праяўляюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, яны не такія мабільныя, як маладзейшае пакаленне, таму просяць сацыяльных работнікаў праводзіць іх на ўчастак для галасавання.

Прадстаўнікі старэйшага пакалення заўсёды былі станоўчым прыкладам для ўсіх нас, і ў Год гістарычнай памяці яны паказваюць нам, што, акрамя правоў, у грамадзян краіны ёсць яшчэ і абавязкі, сярод якіх – прыйсці на рэферэндум, аддаць свой голас, выказаўшы тым самым уласную пазіцыю аб прапанаваных новаўвядзеннях.

На Кастрычніцкі ўчастак для галасавання № 8 разам са сваім сацыяльным работнікам Валянцінай Капытка прыйшла пажылая дзятлаўчанка Марыя Чараховіч.

Прагаласаваўшы, Марыя Сідараўна расказала, чаму заўсёды праяўляе грамадзянскую актыўнасць:

– Я дзіця пасляваеннага пакалення, мне ёсць з чым параўноўваць. Ніколі не прапускаю выбарчых кампаній, бо заўсёды выступаю за паляпшэнне жыцця на беларускай зямлі, падтрымліваю палітыку нашага Прэзідэнта. Я ведаю, як было раней, цяпер мы жывём сапраўды добра. Хочацца, каб дабрабыт і мір і надалей панавалі ў Беларусі.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации