Якія работнікі запатрабаваны на Дзятлаўшчыне?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Сітуацыя на рынку працы Дзятлаўскага раёна характарызуецца невысокім і стабільным узроўнем рэгіструемага беспрацоўя.

Больш падрабязна пра яе расказала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань.

На 1 лістапада 2021 года ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя на Дзятлаўшчыне склаў 0,3 % ад эканамічна актыўнага насельніцтва, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных – 30 чалавек. У эканоміцы раёна ў верасні 2021 было занята 10 496 чалавек. На 1 лістапада меліся звесткі аб наяўнасці ў арганізацыях 529 вакансій, у тым ліку 261 па рабочых прафесіях.

– Алена Мікалаеўна, якія работнікі больш запатрабаваны ў нашым раёне?

Запатрабаваны спецыялісты аховы здароўя (дактары, медыцынскія сёстры, акушэркі, фельчары), сельскай гаспадаркі (ветэрынарныя дактары, заатэхнікі, ветэрынарныя фельчары), таксама культарганізатары, эканамісты, бухгалтары, загадчыкі гаспадаркі і іншыя.

Сярод рабочых спецыяльнасцей у павышаным попыце трактарысты, аператары машыннага даення, жывёлаводы, электраманцёры, прадаўцы, повары, вадзіцелі аўтамабіля, электрагазазваршчыкі і іншыя.

– Ці шмат дзятлаўчан сёлета звярталася па садзейнічанне ў працаўладкаванні?

На 1 лістапада 2021 года ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнуўся і зарэгістраваны 491 грамадзянін, у тым ліку ў якасці беспрацоўных 186 чалавек. Уключаючы грамадзян, якія знаходзіліся на ўліку на пачатак года, у працаўладкаванні мелі патрэбу 522 чалавекі, сярод якіх 207 беспрацоўных. У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Рынак працы і садзейнічанне занятасці” на 2021-2025 гады аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні на створаныя працоўныя месцы і існуючыя вакансіі 349 грамадзянам, у тым ліку 133 беспрацоўным; на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку па запатрабаваных на рэгіянальным рынку працы прафесіях накіраваны 9 беспрацоўных.

– Якая ўвага надаецца неабароненым катэгорыям жыхароў?

Для аказання садзейнічання ў працаўладкаванні грамадзянам, якія маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне і не могуць на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы (інвалідам; маладым людзям да 21 года, якія ўпершыню шукаюць работу; грамадзянам перадпенсійнага ўзросту; асобам, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і іншым), рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама на 2021 год устаноўлена броня для прыёму на работу 304 чалавек такіх катэгорый.

– Дзе можна больш падрабязна даведацца пра вакансіі?

– Актуальныя звесткі можна паглядзець у аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме “Агульнарэспубліканскі банк вакансій” па электронным адрасе www.gsz.gov.by (спасылка ёсць на сайце Дзятлаўскага райвыканкама). Гэта першая ў нашай краіне сістэма, якая ў рэжыме рэальнага часу забяспечвае аўтаматызаваны ўлік вакансій на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і дае карыстальнікам магчымасць даведацца па іх поўную і дакладную інфармацыю.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga