Актыўна прайшлі асеннія канікулы ў членаў дзіцячай палаты, гарадскога піянерскага штаба раённага савета ГА “БРПА”, дэпутатаў моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў.
Крэатыўную моладзь Дзятлаўшчыны на адной платформе сабраў віртуальны анлайн-кемпінг “ЛідарSTREAM”, які працаваў пад знакам Года народнага адзінства.
Анлайн-сустрэчы з наведвальнікамі кемпінга ладзіла старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка. Для штодзённых віртуальных стасункаў у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” была створана група “Альтэрнатыва+”. Кожны дзень маладых лідараў праходзіў пад сваім дэвізам, а для бадзёрага настрою ладзілася музычная зарадка “Ёсць кантакт”. Слоганам дня знаёмстваў стаў: “У канэкце з часам”. Сябры па анлайн-пляцоўцы даведаліся аб прынцыпах работы лагера, у рамках работы крэатыў-студыі “Лідар-Party” далучыліся да анлайн-трэйсера “Лідарскае сузор’е”. У якасці творчай дамашняй работы дзеці атрымалі заданне – стварыць відэаролікі “Пакаленне-Z” з выкарыстаннем сэрвісаў “TikTok”, “Likee” і іншых.
Дэвізам наступнага дня стаў: “Піянерыя + парламент = супрацоўніцтва”. Адпачывальнікі кемпінга паўдзельнічалі ў інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Хто хоча стаць піянерам”: узгадалі галоўныя піянерскія акцыі, асноўныя традыцыі піянерскага руху і адметныя даты, сімвалы аб’яднання. Дома юным лідарам было прапанавана пастарацца распрацаваць лагатып і эмблему анлайн-кемпінга.
Серада прайшла пад знакам здаровага ладу жыцця. У гэты дзень у рамках раённага этапу абласной акцыі “Місія жыць” антынаркатычнага руху “ВЕК” сяброў па віртуальнай прасторы чакалі анлайн-драйвінг “Час быць здаровым” і брэйн-рынг “Мы выбіраем здаровы лад жыцця”.
Дэвізам чацвёртага дня віртуальных стасункаў стаў слоган “Мы адзіныя і непераможныя!”. Юныя інтэлектуалы далучыліся да КВІЗа “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь” – узгадалі важныя факты з беларускай мінуўшчыны, выступілі ў якасці перакладчыкаў некаторых словаў, якія на роднай мове набываюць адметнае гучанне, пагарталі старонкі гісторыі Гродзенскай вобласці.
Апошні дзень у анлайн-кемпінгу праходзіў пад знакам Года народнага адзінства з дэвізам “Мы разам”. Сяброў аб’ядналі брыфінг “Шлях да поспеху” і майстар-клас “Блогер+” па стварэнні макета блога лідарамоладзевай групы.
Падводзячы вынікі анлайн-канікул, Ірына Мішчанка зазначыла:
– Кожны з вас сыграў сваю ролю ў рабоце над праектам, праявіўшы сябе найбольш ярка ў той справе, якая найлепш атрымліваецца: адны паспяхова справіліся з арганізатарскай работай, другія былі выдатнымі дыстанцыйнымі дакладчыкамі і абаронцамі праектаў, іншым “пакаралася” тэхнічная частка. Аднак галоўнае, што вы сталі адзінай камандай, якая дасягнула пастаўленых мэтаў. Парадавала і тое, што за час змены ў анлайн-прасторы вы сустрэлі сяброў і аднадумцаў, з якімі будзеце падтрымліваць сувязі як у інтэрнэце, так і ў жыцці.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga